Рэпартаж з рэйда па сталовых сельгаспрадпрыемстваў раёна

Новости
Паступова і на Браслаўшчыне ў поўную сілу разгортваюцца вяснова-палявыя работы. Калі ж механізатарам падчас сціслых тэхналагічных тэрмінаў сяўбы да 12 гадзін у суткі даводзіцца праводзіць за штурвалам сельскагаспадарчай тэхнікі, для падтрымання іх працаздольнасці і прадукцыйнасці працы немалаважную ролю мае рэгулярнае забеспячэнне гарачым харчаваннем.

Стварэнне ў сельгасарганізацыях раёна належных умоў для харчавання работнікаў АПК пастаянна знаходзіцца на кантролі галоўнага санітарнага ўрача рэгіёна Вольгі Рудаковай і старшыні райкама галіновага прафсаюза Мікалая Вялічкі.

Па яго словах, на мінулым тыдні гарачыя абеды дастаўлялі на поле механізатарам «Маяка Браслаўскага», «Друйскага» і «Агравідзаў». З кіраўніцтвам апошняй гаспадаркі пацверджана дамоўленасць пра дастаўку прыгатаванай у іх сталовай ежы і на палеткі КУСП «Відзаўскі». Райаграсэрвіс корміць сваіх механізатараў у кафэ торфабрыкетнага завода, а вось ў «Слабодцыагра» і «Бярозавым краі» пакуль існуе кадравая праблема: няма повара.

У мінулую сераду з мэтай маніторынгу спраў В. Рудакова і М. Вялічка наведалі сталовыя акцыянернага таварыства «Агравідзы» і КУСП «Браслаўскі». На ўжо дзеючым аб’екце грамадскага харчавання ў Відзах дзяржаўны санурач цікавілася характарам меню, наяўнасцю мыючых, чысцячых і дэзынфіцыруючых сродкаў, укамплектаванасцю посуду і захаваннем санітарных умоў для абеду ў палявых умовах. І сітуацыя большменш стабільная.

У сталовай КУСП «Браслаўскі» гатаваць абеды трэба ў значна меншай колькасці. Ужо закуплены неабходныя прадукты, посуд папоўнены глыбокімі металічнымі талеркамі, новымі тэрмасамі, але на мінулым тыдні яшчэ не была да канца вырашана праблема з недахопамі работы вадаправода і каналізацыі. Рэйдавая група наведала сталовую сельгаспрадпрыемства якраз падчас працягу бягучага рамонту. ■

Казімір ПЯТУШКА