Чысціня і прыгажосць. Глядзіце, што браслаўчане зрабілі падчас рэспубліканскага суботніка

Новости
Рэспубліканскі суботнік прайшоў на Браслаўшчыне з асаблівым размахам. На добраўпарадкаванні райцэнтра групы працуючых людзей можна было сустрэць на розных яго вуліцах і грамадскіх участках. Так, у выніку згуртаваных намаганняў каля 8 тон намеценага пяску было вывезена з гарадскіх вуліц. Шмат людзей працавала ў месцы адпачынку «Парк камянёў», на тэрыторыі лесапаркавай зоны «Леснічоўка», ва ўрочышчы «Лысая гара», у наваколлі вуліц Сасновай і Булойчыка, дзе змяталі, зграбалі ў кучы, а затым вывозілі мінулагоднюю лістоту і ігліцу, а таксама прыбіралі буралом і ссохлыя дрэвы.

Уздоўж вуліц Садовай, Савецкай, Камсамольскай, Цаглянай пабялілі ствалы дрэў, свежай фарбай абнавілі і дзве дзіцячыя пляцоўкі – на гарадскім стадыёне і ў двары па вул. Кастрычніка, 8-12, а насупраць пафарбавалі каля 70 пагонных метраў жалезабетоннай агароджы.

Ачыстка Лысай гары ад сухастою.

На ўчастках вуліц Савецкай і Ленінскай у рамках суботніка прайшоў ямачны рамонт асфальтавага пакрыцця, ля раёна электрычных сетак з жалезабетонных пасынкаў электрычных слупоў устанавілі бардзюры для стаянкі аўтамабіляў, тэхніка з «Браслаў-камунальніка», ПМК-42, АТП-18, ДЭУ-34 працягвала расчышчаць праезд па вул. Сергіевіча, на цэнтральнай плошчы здымалі дзірван для закладкі свежага газона.

Вываз сухой расліннасці па вуліцы Сасновай.

Дзеля чысціні і прыгажосці свайго горада і на ўласных вытворчых тэрыторыях людзі працавалі шчыра, з добрым настроем і энтузіязмам. Перад святкаваннем Вялікай Перамогі, як звычайна, не абмінулі браслаўчане ўвагай і месцы ўшанавання салдацкай доблесці. Напрыклад, на воінскім пахаванні ў вёсцы Злота наводзілі парадак супрацоўнікі раённага ваеннага камісарыята. ■

Казімір ПЯТУШКА