Аляксандр Лукашэнка наведаў касмадром Усходні і сустрэўся з Уладзімірам Пуціным

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разам з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным наведаў касмадром Усходні, што ў Амурскай вобласці. Кіраўнікі дзяржаў азнаёміліся з ходам будаўніцтва стартавага касмічнага комплексу, сустрэліся з лётчыкамі-касманаўтамі і супрацоўнікамі касмадрома. Таксама прэзідэнты абмеркавалі актуальныя пытанні ў развіцці двухбаковых адносін, сумесныя меры па процідзеянні санкцыйнаму ціску з боку калектыўнага Захаду, абстаноўку ў рэгіёне і свеце, падзеі ва Украіне.

ЗАХАВАЦЬ І ЎМАЦАВАЦЬ АДЗІНСТВА

«Далёкі Усход – далёкі, але нашанскі. Айчына ў нас адна, хоць мы і жывём у дзвюх дзяржавах. Мы ў адрозненне ад некаторых рэспублік захавалі гэта адзінства, і мы поўныя рашучасці яго ўмацаваць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка і выказаў упэўненасць, што Беларусь і Расія абавязкова выстаяць у бягучых абставінах.

Кіраўнік нашай дзяржавы падкрэсліў, што расіяне заўсёды могуць разлічваць на дапамогу з боку Беларусі. «Ведайце, мы заўсёды будзем побач, як бы ні складвалася абстаноўка. І не трэба камусьці думаць, што Расія такая вялізная… Сапраўды моц – паўдня трэба ляцець з аднаго краю ў другі край. Беларусь меншая. Але справа ж не ў гэтым: малы залатнік, ды дарагі», – сказаў Прэзідэнт.

ПАКАЗАЛЬНІК ДАВЕРУ

А. Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі добра ўспрынялі рашэнне Расіі пра прадастаўленне магчымасці работы беларускім прадпрыемствам на касмадроме Усходні. «Гэта вельмі моцны крок. У савецкія часы беларуская школа была маяком для будаўнікоў усяго Савецкага Саюза. Краіна пасля вайны была практычна знішчана, многае па тых сучасных тэхналогіях давялося аднаўляць. Не толькі простыя дамы, жыллё і іншае, але і буйныя прамысловыя аб’екты. Мы гэта захавалі. У нас ёсць буйныя прыватныя кампаніі і вельмі магутныя дзяржаўныя будаўнічыя трэсты, якія не проста будуюць з нуля і пад ключ, але і маюць свае магутнасці па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў», –заўважыў Прэзідэнт.

УЗАЕМНАЯ ПАДТРЫМКА

«Нарэшце мы сталі гандляваць за расійскія рублі, і газ купляць, і нафту, і іншае. Нас гэта задавольвае», –адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы згадзіўся, што санкцыі вядуць да лішніх праблем. Паводле яго слоў, Беларусь і Расія справяцца з імі і паступова вырашаць усе пытанні, аднак час, які можна было б патраціць на больш хуткі рух наперад, ідзе на пошук абходных шляхоў.

На гэтым фоне Расія мае намер падтрымаць беларускія НПЗ. Таксама падчас перагавораў абмяркоўвалася далейшае фарміраванне агульнага рынку, кааперацыя ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці, ваеннае супрацоўніцтва.

СКЛАДАНЫ ЧАС

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што з Уладзімірам Пуціным яны дэталёва абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня – палітычныя, дыпламатычныя, эканамічныя і, вядома, ваенныя, абаронныя. Пры гэтым Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што ў нашай сучаснай гісторыі такіх небяспечных і складаных момантаў ва ўзаемаадносінах з Захадам яшчэ не было.

Паводле яго слоў, Беларусь і Расія цяпер паглыбляюць супрацоўніцтва па ўсіх напрамках. Урады дзвюх краін ужо падрыхтавалі аб’ёмныя пакеты мер па пераадоленні санкцыйнага націску, падтрымцы эканомік, развіцці кааперацыі і імпартазамяшчэння, перанастройцы лагістычных ланцужкоў і пераходзе на новы механізм супрацоўніцтва на знешнеэканамічным полі.

«Рэагуючы на бягучыя праблемы, мы ўжо сёння павінны глядзець у заўтрашні дзень, закладваць прынцыпова новую эканамічную стратэгію развіцця будаўніцтва Саюзнай дзяржавы на доўгатэрміновую перспектыву», – адзначыў беларускі лідар. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.