Едзем у Глыбокае. Адметныя мясціны горада

Отдых
Ад Браслава да Глыбокага – крыху менш за 80 кіламетраў. У гэтым адносна невялікім горадзе шмат цікавых месц і аб’ектаў. Расказваем пра найбольш славутыя і незвычайныя з іх.
Сабор Нараджэння Прасвятой Багародзіцы

Храм размяшчаецца ў будынку былога касцёла кармелітаў і з’яўляецца помнікам архітэктуры.

Каменны некалі касцёл быў узведзены ў Глыбокім у 1639 – 1654 гадах на сродкі мсціслаўскага ваяводы Іосіфа Корсака, якога і пахавалі ў крыпце храма. У 1735-м касцёл быў перабудаваны па праекце вядомага архітэктара Яна Хрыстафора Глаўбіца і стаў першым прыкладам архітэктуры «віленскага» барока ў Беларусі.

У 1875 годзе, пасля выгнання кармелітаў, касцёл пасля невялікай перабудовы быў пераасвячоны ў праваслаўную царкву Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. У 1895 годзе над міжкрыжаваннем храма ўзвялі вялікі драўляны купал, які згарэў у 1944-м і больш не аднаўляўся.

Пасля вайны корпус прылеглага да храма манастыра выкарыстоўваўся як маслазавод, пазней – занальны архіў, а падзямеллі царквы – як склад Глыбоцкага кансервавага завода.

Сёння прыход глыбоцкага сабора – адзін з самых шматлікіх у Полацкай епархіі. Пры царкве дзейнічаюць нядзельная школа для дзяцей і дарослых, праваслаўная бібліятэка, арганізаваны прафесійны хор.

Дзе знаходзіцца: г. Глыбокае, плошча 17 верасня.

Касцёл Святой Троіцы

Помнік архітэктуры позняга барока. Крыніцы сведчаць, што набажэнствы ў ім не перарываліся ніколі з самага заснавання храма.

Паводле дакументальных сведчанняў, каталіцкі прыход у Глыбокім заснаваны ў прамежку 1628 – 1642 гадоў. Першы касцёл быў драўляным і прастаяў нядоўга, бо ўжо ў 1654 годзе яго спалілі падчас руска-польскай вайны.

Новы этап у гісторыі Траецкага касцёла распачаўся ў другой палове XVIII стагоддзя. У 1764 годзе па ініцыятыве мясцовага ксяндза тут прыступілі да ўзвядзення мураванага храма. Будаўніцтва зацягнулася: новы касцёл асвяцілі толькі ў 1783 годзе. Памерамі будынак не ўражваў, але аформлены быў вельмі прыгожа. Ён уяўляў сабой збудаванне з дзвюма невысокімі вежамі, трыма алтарамі і падземным склепам. Пры касцёле пазней зладзілі шпіталь, прытулак, сад і агарод.

У 1902 – 1908 гг. храм пашырылі і перабудавалі. Аднаярусныя раней вежы падраслі на два ўзроўні, дадаўшы ўсяму будынку накіраванасці ўверх; з’явіліся дзве бакавыя прыбудовы; фасады ўпрыгожылі фігурнымі франтонамі. Гэта была спроба стылізацыі пад «віленскае» барока.

Дзе знаходзіцца: г. Глыбокае, вул. Савецкая, 1.

Гісторыка-этнаграфічны музей

Глыбокае з даўніх часоў было шматканфесійным мястэчкам: тут жылі каталікі, праваслаўныя, яўрэі. Гэта быў багаты гандлёвы горад, які даў свету нямала выбітных асоб.

Мінулае адлюстравана ў экспазіцыях мясцовага музея. Тут можна пабачыць быт сялян і рамеснікаў, даведацца, як у мястэчку раней выглядалі магазіны, у якіх інтэр’ерах жылі багатыя гараджане.

На Глыбоччыне было асабліва папулярнае кавальства. Амаль у кожным больш-менш буйным населеным пункце мелася хоць бы адна кузня. Яна ўяўляла сабой майстэрню, у якой праводзілася ручная апрацоўка металу. Доўгі час кузня была асноўным месцам вытворчасці зброі і прылад працы. Аднак паступова яна страціла сваё значэнне: ручная вытворчасць змянілася фабрычнай. Але на Глыбоччыне традыцыі кавальства жывуць, а сучасныя вырабы мясцовых умельцаў упрыгожваюць вуліцы горада. У музеі гэтай тэме адведзена асобная экспазіцыя.

Адзін з самых апошніх экспанатаў – манетны скарб XX стагоддзя з польскімі злотымі, царскімі рублямі і нават доларамі. Ён быў знойдзены на адной з цэнтральных вуліц горада падчас будоўлі.

Дзе знаходзіцца: г. Глыбокае, вул. Энгельса, 24.

Дзед-глыбачанін

У 2015 годзе адным з мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Незалежнасці, стала адкрыццё ў цэнтры Глыбокага на беразе возера Кагальнае манументальна-дэкаратыўнай кампазіцыі «Дзед-глыбачанін».

Гэта скульптура задуменнага рыбака, які сядзіць на лодцы і піша кнігу пра гісторыю, мясцовыя традыцыі і звычаі, знакамітых людзей роднага краю. Персанаж гэты не выдуманы: прататыпам скульптуры стаў мясцовы педагог і краязнаўца Аляксандр Сабалеўскі, які пачаў пісаць кнігу пра Глыбоччыну ва ўзросце 87-і гадоў.

Мясцовыя жыхары лічаць, што на рыбалцы пашчасціць толькі тым, хто пацёр бот металічнай фігуры. Дзе знаходзіцца: г. Глыбокае, набярэжная возера Кагальнае.

Алея знакамітых землякоў

На ёй сёння 9 бюстаў людзей, якія ўслаўлялі Глыбоччыну.

Гэта мастак Язэп Драздовіч, «бацька» сучаснага іўрыта Эліэзер Бэн-Іегуда, заснавальнік беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі, грамадскі дзеяч Вацлаў Ластоўскі, вядомы авіяканструктар Павел Сухі і іншыя. Кажуць, ні ў адным іншым горадзе Беларусі нічога падобнага няма.

Дзе знаходзіцца: г. Глыбокае, плошча 17 верасня.

Помнік сям’і

Адкрыты падчас 4-га Вішнёвага фестывалю. Скульптура паказвае мужа, жонку і дваіх дзяцей. Помнік устаноўлены па ініцыятыве мясцовай улады, якая шмат увагі ўдзяляе дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне.

Дзе знаходзіцца: г. Глыбокае, цэнтральная плошча.

Скульптура «Ісус Хрыстос і самаранка»

Адкрытая ў 2014 годзе, калі каталікі і праваслаўныя святкавалі Вялікдзень у адну і тую ж дату, і размешчана паміж саборам Нараджэння Прасвятой Багародзіцы і касцёлам Святой Троіцы.

На ўрачыстасці выступіў народны камерны хор Глыбоцкага ГДК пад кіраўніцтвам Дар’і Волкавай.

Ідэя стварэння кампазіцыі на біблейскую тэму належыць скульптару, члену беларускага саюза дызайнераў Вячаславу Далгову. У разуменні аўтара скульптура «Ісус Хрыстос і самаранка» сімвалізуе духоўнасць, простае чалавечае слова, мір паміж народамі і канфесіямі.

Дзе знаходзіцца: г. Глыбокае, плошча 17 верасня. ■