Прэзідэнт Беларусі правёў нараду па праблемных пытаннях і развіцці сістэмы ЖКГ

Новости
Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па праблемных пытаннях і развіцці сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. На ёй абмяркоўваліся нараканні па рабоце камунальнікаў і службы 115, задачы па азеляненні, якасць вады, тэрміны і якасць капрамонтаў і іншае.
ПРА ВАДУ

«Для вяскоўцаў вострай праблемай па-ранейшаму з’яўляецца вада. З-за зносу існуючых сетак і адсутнасці рэзервовых свідравін у выпадку аварый і правядзення рамонту без водазабеспячэння застаюцца цэлыя населеныя пункты», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, за апошнія тры гады ў краіне пабудавана прыкладна 800 станцый ачысткі вады ад прымесей жалеза, аднак многія грамадзяне па-ранейшаму незадаволены яе якасцю.

Беларускі лідар растлумачыў, што будаўніцтва і рэканструкцыя сістэм водазабеспячэння і ачышчальных збудаванняў ідзе ва ўмовах адмовы міжнародных банкаў выконваць раней узятыя абавязацельствы па фінансаванні часткі аб’ектаў у Беларусі.

ПРА РАБОТУ З АДХОДАМІ

Таксама людзі актыўна крытыкуюць арганізацыю работы з адходамі, адзначыў А. Лукашэнка. «За гэта ўжо мала камусьці не падасца. Праблема раздзельнага збору смецця, перапрацоўкі і далейшага выкарыстання гэтага перапрацаванага дабра вырашаецца агідна», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, штогод у краіне ўтвараецца больш за чатыры мільёны тон цвёрдых камунальных адходаў. Пры гэтым у 2021 годзе нарыхтавана толькі 790 тысяч т другасных матэрыяльных рэсурсаў. Тым часам, па меркаванні галавы дзяржавы, мы павінны максімальна выкарыстоўваць унутраныя рэсурсы, у тым ліку і адходы.

ПРА КАПІТАЛЬНЫ РАМОНТ

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, больш за ўсё людзей абураюць пустыя абяцанні, шматразовыя пераносы тэрмінаў, змена падрадчыкаў і як вынік – няякасна праведзеныя работы.

«Мякка кажучы. А як гэта часта ў жыцці бывае: прыйшлі, развярнулі кватэру або дах, зрабілі горш, чым было, матэрыялы раскралі, – адзначыў Прэзідэнт. – Людзі скардзяцца. Я калі бачу такое ў тэлевізары, скажу шчыра, у мяне кроў закіпае ў жылах».

«Трэба зрабіць так, каб непанадна было», – запатрабаваў беларускі лідар.

ПРА СЛУЖБУ 115

Не змяншаецца колькасць нараканняў і на работу службы 115. «Факты сведчаць пра адсутнасць зваротнай сувязі сэрвісу з насельніцтвам і камунальнымі службамі, – канстатаваў кіраўнік дзяржавы. – Даходзіць да таго, што нічога не зроблена, а на паперы заяўка закрыта». Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія вузкія месцы цяпер ёсць у гэтай сістэме, хто і на якім этапе недапрацоўвае для павышэння яе эфектыўнага функцыянавання. «Мне патрэбны аб’ектыўны аналіз сітуацыі ў краіне і, галоўнае, канкрэтныя дзелавыя прапановы па паляпшэнні работы», – падкрэсліў ён.

ПРА ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ

Хвалюе беларусаў, па словах Прэзідэнта, і недастатковае добраўпарадкаванне тэрыторый, у тым ліку вуліц і дарог у населеных пунктах.

Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што не ўсё гладка і з азеляненнем. Не адзінкавыя факты, калі саджанцы закупілі, высадзілі, але яны загінулі. «Вельмі хацеў бы, каб не толькі ў Мінску, але і на тэрыторыі ўсіх нашых гарадоў і пасёлкаў быў парадак, каб адчуваўся клопат чалавека пра той куток, дзе ты жывеш, – падкрэсліў ён. – Пры гэтым ведаю, што многія людзі і самі гатовы добраўпарадкоўваць гэтыя тэрыторыі і двары. Трэба іх арганізаваць. У патрэбны момант забяспечыць інвентаром, пасадачным матэрыялам людзей, пабудаваць і наперадзе пайсці. Тады будзе карысць».

Міністр ЖКГ Андрэй ХМЕЛЬ:

– Наш асноўны прыярытэт – якасць, аператыўнасць і кошт паслуг. На сённяшні дзень у сярэднім 4,7 % сямейнага бюджэту беларусы трацяць на аплату жыллёва-камунальных паслуг – гэта вельмі добры паказчык. Тут заслуга не толькі арганізацый галіны, але і правільнай палітыкі дзяржавы. Не сакрэт, што мы сёння маем канкурэнтныя цэны на энерганосьбіты, якія з’яўляюцца вялікай састаўной часткай у жыллёва-камунальных паслугах. ■

Фото: www.belta.by