Старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка сустрэўся з калектывамі нацыянальнага парка і другой гарадской школы

Год исторической памяти
Старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка працягвае сустракацца з працоўнымі калектывамі Браслаўшчыны. На гэтым тыдні кіраўнік раёна завітаў у нацыянальны парк і другую гарадскую школу.

Асноўныя тэмы для размовы ў абодвух калектывах былі аднолькавымі – генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і праблема наркаманіі і распаўсюджвання наркотыкаў. Даклады ў іх рамках рабілі кампетэнтныя спецыялісты з адпаведных службаў.

Дыялог тым не менш выйшаў за рамкі праграмы. Так, у нацыянальным парку старшыні райвыканкама далажылі пра агульны стан спраў у арганізацыі, асноўныя эканамічныя паказчыкі і планы, у тым ліку ва ўмовах санкцыённага ціску.

Вячаслаў Грышчанка ў сваю чаргу завастрыў увагу на вялізным патэнцыяле нацыянальнага парка і яго буйнога калектыву. «Калі вы будзеце працаваць як адзіны арганізм, тады пераадолееце і любыя цяжкасці. Лічу, што такая маштабная і магутная арганізацыя павінна ісці ў рэгіянальным авангардзе па ўсіх накірунках – і ў вытворчасці, і ў грамадскіх справах», – адзначыў кіраўнік раёна. Паводле яго меркавання, калектыву нацпарка варта ўдзельнічаць у мясцовых ініцыятывах больш актыўна, нават калі тыя выходзяць за рамкі працоўных абавязкаў і часу.

У другой школе В. Грышчанка завастрыў увагу прысутных на асаблівай важнасці выхаваўчага працэсу, неабходнасці расціць сапраўдных патрыётаў. Ён падкрэсліў, што педагогі гэтай установы адукацыі годна выконваюць свае абавязкі і падзякаваў ім за добрасумленную працу і канструктыўную ініцыятыву.

У святле гэтага старшыня райвыканкама прыйшоў у калектыў не з пустымі рукамі, а з узнагародамі. Так, дырэктар школы Анатоль Невярковіч атрымаў з рук кіраўніка раёна Ганаровую грамату райвыканкама, а настаўнік фізічнай культуры і спорту Аляксей Салак – Падзяку яго старшыні.

Падчас абедзвюх сустрэч Вячаслаў Грышчанка закрануў надзённыя тэмы накшталт бягучай сітуацыі ў рэгіёне, добраўпарадкавання і вакцынацыі ад COVID-19, а таксама адказаў на пытанні. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ