Абласная ветэранская арганізацыя адзначыла 35-годдзе з дня свайго заснавання

Новости
Адно з найбольш аўтарытэтных грамадскіх аб’яднанняў Віцебшчыны – абласная арганізацыя ветэранаў – адзначыла 35 гадоў з дня свайго заснавання.

З гэтай нагоды ў аблвыканкаме сабраліся самыя актыўныя члены ветэранскага руху, прадстаўнікі грамадскіх фарміраванняў і аб’яднанняў. З Браслаўскага раёна ў мерапрыемстве прымала ўдзел старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Вера Сяліцкая.

Дзелячыся ўражаннямі ад маштабнага мерапрыемства, яна сказала, што на абласным форуме ўзгадалі гісторыю ветэранскага руху на Віцебшчыне, акрэслілі ролю яго актывістаў. Незабыўнымі застануцца для яе і словы старшыні абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева, які падчас віншавання з юбілейнай датай адзначыў, што ветэраны сёння знаходзяцца пад пільнай увагай і клопатам дзяржавы, мясцовых органаў улады. Арганізацыі вобласці ўключаюцца ў рашэнне праблем адзінокіх пажылых людзей. Вялікая работа праводзіцца па ўшанаванні памяці загінулых пры абароне Айчыны, доглядзе воінскіх пахаванняў, помнікаў і мемарыяльных комплексаў, высвятленні імёнаў загінулых і пахаваных у нашай зямлі воінаў.

Дарэчы, сама Вера Сяліцкая за актыўны ўдзел у грамадска-патрыятычным выхаванні насельніцтва і сумесную плённую працу з Браслаўскай раённай арганізацыяй грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» ўзнагароджана на дадзеным мерапрыемстве граматай абласной арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў. ■

Казімір ПЯТУШКА