У Браславе адкрылася персанальная выстаўка педагога Браслаўскага ЦДіМ Жанны Бароўка

Люди
Персанальная выстаўка педагога дадатковай адукацыі Браслаўскага ЦДіМ Жанны Бароўка разгорнута ў профільнай установе.

Жанна Сяргееўна – чалавек творчай душы. Яна не толькі сама захапляецца рознымі накірункамі творчасці, але і ўмела перадае свае веды і навыкі дзецям. Ужо каторы год запар яна працуе ў ЦДіМ, вядзе гурткі, якія юныя браслаўчане з задавальненнем наведваюць.

Персанальная выстаўка Ж. Бароўка рознабакова паказвае яе як творцу. Жанчына эксперыментуе з рознымі матэрыяламі, колерамі і формамі. Не баіцца вывучаць новыя напрамкі і ў выніку атрымлівае яркія і незвычайныя вырабы, як, напрыклад, паштоўкі ў тэхніцы пергмана.

Увогуле экспазіцыя аб’яднала работы Жанны Сяргееўны ў тэхніках дэкупаж, пергмана, саломапляценне, вязанне, вышыўкі, джут. Прадстаўлены тут і карціны алмазнай мазаікі, букеты з папяровых кветак і цукерак (свіфт-дызайн). Некаторыя напрамкі браслаўчанка асвойвала самастойна, а вось, напрыклад, саломапляценню яна вучылася ў музеі традыцыйнай культуры. «Скончыла курсы ў майстра Элеаноры Зінкевіч. Займалася грунтоўна: сеяла пшаніцу, пасля збірала яе, пэўным чынам апрацоўвала і пляла капелюшы ды рабіла пано», – падзялілася яна ўспамінамі. Ва ўстанове ганарацца тым, што тут працуе такі таленавіты і творчы педагог. Яна ўмела знаходзіць агульную мову з дзецьмі і вядзе іх за сабою ў свет творчасці.

«Жанну Сяргееўну заўсёды перапаўняюць новыя задумы і энергія. Яшчэ не скончыўся гэты навучальны год, а яна ўжо задумваецца пра будучы. Лічу, што нашым выхаванцам пашанцавала з такім педагогам», – адзначае дырэктар установы Інэса Дуброўская. ■

Алена НАБЕЕВА