Каб не паўтараць. Браслаўчане ўшанавалі памяць бязвінных ахвяр фашызму

Год исторической памяти
У Дзень памяці хатынскай трагедыі – 22 сакавіка – адпаведныя мерапрыемствы прайшлі па ўсёй Беларусі. У нашым раёне мітынг-рэквіем з гэтай нагоды адбыўся на месцы вёскі Лабэцкія, бязвінных ахвяр фашызму ў 1943 годзе.

Пра існаванне тут населенага пункта цяпер нагадвае толькі мемарыял з выбітымі на ім імёнамі і ўзростамі. Войцех, Станіслаў, Ганна, Вера… Дзевяць гадоў, восем, сем, пяць…

Такія нечалавечыя ўчынкі і боль, прынесены нашаму народу, забываць нельга. Пра гэта ў адзін голас гаварылі ўдзельнікі памятнага мітынгу – прадстаўнікі раённай улады і сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь, мясцовыя жыхары. У прыватнасці, старшыня райсавета Ніна Пучынская адзначыла, што на Браслаўшчыне ўдзяляюць вялікую ўвагу захаванню гістарычнай памяці, у тым ліку як гераічных, так і трагічных яе аспектаў: даглядаюцца мемарыялы і могілкі, актуалізуюцца спісы загінулых, годна ушаноўваецца іх памяць. Нядаўна адпаведная норма нават атрымала статус канстытуцыйнай. Кіраўнік СВК «Маяк Браслаўскі» Рамуальд Шукель на правах мясцовага жыхара нагадаў падрабязнасці тых страшных падзей, пра якія чуў ад сваіх бацькоў. Пракурор раёна Юрый Кезік расказаў пра вялікую работу, што ідзе ў плане расследавання генацыду беларусаў. Камендант пагранкамендатуры «Опса» Дзяніс Гайдукевіч прачытаў кранальны верш і падкрэсліў: трагедыі, падобныя да той, што адбылася ў Лабэцкіх, не павінны паўтарыцца, а таму і забываць пра іх нельга.

Прысутныя ўшанавалі памяць бязвінных ахвяр хвілінай маўчання, усклалі да мемарыяла кветкі і яшчэ доўга не расходзіліся – слухалі цішыню і моўчкі думалі. Пра адно і тое ж: ніколі зноў… ■

Вячаслава КАЛАДЫНСКАГА