Начальнік свінагадоўчага комплексу СВК «Маяк Браслаўскі» Яўген Ракіцкі: «Пераадольваць цяжкасці дапамагае любоў да справы»

Люди
Начальнік свінагадоўчага комплексу СВК «Маяк Браслаўскі» Яўген Ракіцкі не аднойчы быў адзначаны ганаровымі граматамі і дыпломамі раённага ўзроўню за добрыя паказчыкі ў прафесійнай дзейнасці. У 2012 годзе, тады яшчэ на пасадзе галоўнага ветурача свінакомплексу, нават заслужыў званне «Лепшы па прафесіі». Сёлета ён зноў лаўрэат той жа намінацыі. Гэты факт, бясспрэчна, пацвярджае, што Яўген любіць сваю справу, умела рухаецца наперад сам і граматна кіруе давераным яму прадпрыемствам.

Сёння Яўген Ракіцкі разважае, што ў юнацтве ў яго было шмат прычын, каб стаць ветэрынарным урачом. Па-першае, любоў да прыроды ў цэлым і асабіста да жывёлы. Па-другое, добрае веданне школьнага курса біялогіі. А трэцяя прычына, бадай, самая галоўная – захапленне рыбалкай. Цікавіцца рыбнай лоўляй, відамі рыб, іх прывычкамі і хваробамі Яўген стаў яшчэ ў дзяцінстве. А як інакш, кажа ён, калі жывеш на Браслаўшчыне. Тым больш што яго бабуля і дзядзька былі прафесійна звязаны з рыбалоўствам. Хлопцу хацелася таго ж, таму з малых гадоў ён захапляўся рыбалкай, вольны час праводзіў з вудай на возеры.

У год яго паступлення ў Віцебскую ветакадэмію на спецыяльнасць «хваробы рыб і пчол» студэнты не набіраліся, і Яўген пайшоў вучыцца на ветурача. Тэарэтычныя і практычныя заняткі яму даваліся лёгка, вучыцца было цікава, і таму за кароткі тэрмін браслаўчанін зразумеў, што будучую прафесію выбраў правільна.

У час размеркавання яму прапанавалі самастойна выбраць гаспадарку ў сваім раёне, дзе б хацеў працаваць. Без асаблівых ваганняў Яўген папрасіўся ў «Маяк Браслаўскі».

– Безумоўна, мне хацелася працаваць у найлепшых умовах і я добра разумеў, што гэтая гаспадарка на Браслаўшчыне самая моцная. Лічу, што той выбар стаў галоўным у маёй прафесійнай дзейнасці, бо расчаравацца ў прафесіі мне тут не далі. Наадварот, з першых дзён цанілі як спецыяліста, дапамагалі маральна і матэрыяльна. А складанасцей, безумоўна, хапала. Перш за ўсё гэта накірунак дзейнасці – свінагадоўля. Калі ў першы дзень старшыня сельгаскааператыва Рамуальд Шукель сказаў, што ветурач патрэбны на свінакомплексе, у мяне быў шок, бо я свінагадоўлю вывучаў у акадэміі толькі павярхоўна. Але і тут на дапамогу прыйшлі калегі. Тады начальнікам комплексу была Людміла Арцем’ева, якая падтрымлівала і накіроўвала мяне, я заўсёды адчуваў, што яна верыць у мяне, і стараўся не падводзіць. Шмат вучыўся, ездзіў на розныя рэспубліканскія і міжнародныя практычныя семінары, набіраўся вопыту. Прыемна было бачыць, што наша прадпрыемства дабіваецца пэўных поспехаў, якія залежаць у тым ліку і ад маёй работы. Напрыклад, комплекс мінімізаваў падзеж жывёлы, наладзіў колькасць апаросаў і выхад парасят, істотна зменшыў захворваемасць маладняку і інш.

З 2020 года Яўген Ракіцкі стаў кіраваць свінагадоўчым прадпрыемствам «Маяка Браслаўскага». Адразу ж ён вырашыў змяніць працэс вытворчасці свініны. Расказвае, што час дыктаваў новыя правілы. Абставіны вымусілі кіраўніка прыняць складанае рашэнне: знізіць пагалоўе жывёлы, але павялічыць час адкорму свіней, чым палепшыць іх вагавую кандыцыю.

Яўген разумеў, што вельмі рызыкуе, ламаючы шматгадовую схему работы, але, падлічыўшы ўсе «за» і «супраць», рашыўся на эксперымент – і не прагадаў. Як граматны кіраўнік ён пастаянна трымае руку на пульсе, ведае пра шматлікія новаўвядзенні ў сферы свінагадоўлі, як ветурач цікавіцца адкрыццямі і распрацоўкамі вучоных, вакцынамі і лекамі для жывёлы, пастаянна займаецца самаадукацыяй. Яўген расказвае, што вырас у вёсцы, прывык да сялянскай справы і ніколі не цураўся гэтага.

– Яшчэ школьнікам чатыры сезоны працаваў памочнікам камбайнера – у пары з бацькам. З мамай збіраў грыбы і ягады, у тым ліку для продажу, каб дапамагчы бацькам і зарабіць сабе на новую вуду ці веласіпед. Таму і сёння працую ў вёсцы з радасцю. Зноў жа, дзякуючы кіраўніцтву гаспадаркі, маю асабісты дом, у якім жыве мая сям’я – жонка і дзве дачушкі, –кажа Яўген. – Рады, што мой лёс склаўся так: я жыву ў любімай вёсцы, у мяне ёсць добрая прафесія і сям’я, а яшчэ хобі – рыбалка. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ