Міліцыянер Максім Скур’ят: «Адчуваю сваю карысць для грамадства»

Люди
Людзі па-рознаму прыходзяць у прафесію: адны мараць пра яе з дзяцінства, іншыя, як, напрыклад, міліцыянер Максім Скур’ят, знаходзяць справу свайго жыцця выпадкова, але з цягам часу разумеюць, што сам лёс накіраваў іх на правільны шлях.

Браслаўчаніну Максіму Скур’яту пасля школы крыху не хапіла балаў для паступлення ва ўніверсітэт, і, каб не губляць час, ён адвучыўся ў мясцовым каледжы, дзе атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. Затым пайшоў служыць у войска. Там, па яго словах, адчуў, што парадак і дысцыпліна яму па душы і, магчыма, ён не адмовіўся б стаць, напрыклад, ваенным. Доўга чакаць не прыйшлося.

Пасля дэмабілізацыі Максім прайшоў сумоўе ў РАУС і ўладкаваўся сюды працаваць. Паралельна з работай вучыўся спачатку ў каледжы міліцыі, пасля – у Магілёўскім інстытуце МУС. Першая яго пасада – участковы інспектар. Цяпер мужчына ўспамінае, як рабіў у гэтай справе свае першыя крокі. Кожны дзень ездзіў у Друю (на давераны ўчастак), знаёміўся з людзьмі, выяўляў правапарушэнні, прафілактаваў іх. Кажа, што тады вялікую ролю для яго сыгралі старэйшыя калегі, на якіх ён раўняўся, – Міхаіл Кірылаў і Павел Лабуць. Яны давалі добрыя парады, як наладзіць кантакт з насельніцтвам, праводзіць гутаркі, дзейнічаць з парушальнікамі парадку.

Прайшоўшы, так сказаць, «школу ўчастковых» працягласцю ў 5 гадоў, М. Скур’- ят быў назначаны на пасаду старшага інспектара прафілактыкі. Як кажа сам Максім, работа гэтая складаная, але для яго стала даволі цікавай. Першае, што яму трэба было рабіць – каардынаваць дзейнасць участковых. Тут ужо ён дапамагаў больш маладым таварышам па службе адаптавацца, правільна арганізоўваць работу, весці прафілактыку правапарушэнняў. Таксама ў яго абавязкі ўваходзіў кантроль за асобамі, што зарэгістраваны на розных відах уліку, адкрыццё прэвентыўных спраў, папярэджанне сямейна-бытавых правапарушэнняў і інш.

Ужо 3 гады Максім Скур’ят працуе на новай пасадзе: цяпер ён намеснік начальніка аддзялення грамадскага правапарадку і прафілактыкі РАУС. Профіль работы поўнасцю змяніўся, але міліцыянер даволі хутка разабраўся ў прынцыпах і накірунках дзейнасці: дапамаглі калегі з аддзела і УУС. Як кажа Максім, будуецца яго работа на трох пастулатах – аналітыка, прадбачанне і прафілактыка. Ён арганізоўвае работу добраахвотных дружын па ахове правапарадку ў грамадскіх месцах, выяўляе незаконны абарот спіртаўтрымліваючых вадкасцей, адказвае за афармленне і ўлік зброі ў насельніцтва і многае іншае.

– Служба ў міліцыі – справа вельмі адказная, трэба шмат працаваць з дакументамі, ведаць законы, быць юрыдычна падкаваным, умець наладзіць кантакт з рознымі слаямі насельніцтва, быць стрыманым, аказваць псіхалагічную дапамогу, трымаць сябе ў добрай фізічнай форме і яшчэ шмат чаго. Графік работы таксама пастаянна змяняецца, і неабходна быць гатовым заступіць на службу ў любы час. Аднак мне, напэўна, менавіта гэта і падабаецца – дысцыпліна, парадак і адчуванне сваёй карысці для грамадства, – кажа Максім.

Кіраўніцтва і калегі кажуць пра М. Скур’ята толькі ў станоўчым ключы, характарызуюць яго як граматнага і добрасумленнага спецыяліста, надзейнага чалавека і добрага таварыша. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ