Вядзе ўстанову да новых вяршынь. Дырэктар Браслаўскага аб’яднання музеяў Вольга Антанёнак удастоена ганаровага звання «Лепшы па прафесіі»

Люди
Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў па праве лічыцца адной з візітных картак раёна. І сапраўды, знаёмства гасцей з Браслаўшчынай нярэдка пачынаецца менавіта з наведвання музейных экспазіцый і выбару сувенірнай прадукцыі. На сённяшні дзень тут прапануюць шырокі спектр паслуг для наведвальнікаў, пачынаючы ад экскурсій і заканчваючы практыкумамі і лекцыямі. У аб’яднанні працуе згуртаваны калектыў прафесіяналаў.

– Шосты год я ўзначальваю Браслаўскае аб’яднанне музеяў. Гэта вялікая адказнасць. Тут закладзены моцны падмурак па захаванні гістарычнай і культурнай спадчыны рэгіёна. Аб’яднанне – гэта структура, у якую ўваходзяць два музеі, гасцініца «Заезны двор», пункт продажу сувенірнай прадукцыі. Нашы супрацоўнікі вядуць актыўную выставачную, даследчую і сацыяльна-культурную дзейнасць, – расказвае Вольга Антанёнак.

На пасаду дырэктара раённага аб’- яднання В. Антанёнак прыйшла са сферы адукацыі, таму ёй давялося асвойваць шмат новых накірункаў, у тым ліку адразу ж паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць «камунікацыі ў сферы музейнай дзейнасці». Вучоба дадала ўпэўненасці, дапамагла ўнікнуць у нюансы прафесіі, знайсці калег і паплечнікаў сярод аналагічных устаноў. Тым не менш з заканчэннем ВНУ Вольга не перастала вучыцца. «Мая пасада падштурхоўвае да пастаяннай самаадукацыі. Трэба ведаць пэўныя юрыдычныя аспекты, тонкасці падаткаабкладання для вядзення продажу сувеніраў, разбірацца ў гаспадарчай дзейнасці, умець дамаўляцца з прадстаўнікамі турыстычных фірм па пытаннях арганізацыі экскурсій і рассялення турыстаў», – адзначае яна.

Вялікую ўвагу дырэктар установы надае выкананню паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі». Гаворка ідзе пра папаўненне музейнага фонду, які за апошніх пяць гадоў павялічыўся больш чым на 2 тысячы прадметаў. У 2020 годзе ў выніку вялікай даследчай работы калектыву па вывучэнні інсітнага мастацтва Браслаўшчыны, спіральнага пляцення, мастацтва маляванак Віцебскага Паазер’я, саломапляцення ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны 4 элементы нематэрыяльнай спадчыны рэгіёна.

Адначасова сучасныя веянні падштурхоўваць да таго, каб музей ішоў у нагу з часам. Так, падчас пандэміі калектыў установы стаў праводзіць анлайн-трансляцыі адкрыцця выставак і мерапрыемстваў, запусціў шэраг цікавых інтэрнэт-праектаў. Гэта было запатрабавана ў браслаўчан і выклікала цікавасць людзей за межамі раёна. Такая дзейнасць дала дадатковую рэкламу музейнаму аб’яднанню, таму, як толькі пік захворвання пайшоў на спад і турысты сталі зноў вандраваць па Беларусі, аднавілася і рэальная экскурсійная дзейнасць. За мінулы год, напрыклад, музеі Браслаўшчыны наведалі амаль 26 тысяч чалавек, праведзена больш за 400 выязных экскурсій па сямі маршрутах. Паралельна работнікі музея пастаянна прымаюць удзел у розных фестывалях і конкурсах, дзе заўсёды адзначаюцца дыпломамі арганізатараў.

За час кіраўніцтва Вольгі Антанёнак музейнае аб’яднанне адзначана граматамі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, граматамі рэспубліканскага конкурсу «Пазнай Беларусь», сувенірны магазін летась заняў 2 месца ў абласным конкурсе «Лепшы салон-магазін» і інш. Сама ж дырэктар за сваю шчырую працу восенню мінулага года ўзнагароджана Граматай упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама.

Прысваенне звання «Лепшы па прафесіі» ў намінацыі «Сацыяльная сфера» падкрэслівае, што Вольга Антанёнак працуе на сваім месцы, умела кіруе калектывам, які дабіваецца добрых паказчыкаў, і, што самае галоўнае, установу добра ведаюць і ў вобласці, і ў рэспубліцы, і нават за межамі нашай краіны. ■

Алена НАБЕЕВА