Браслаўчанін: «Працаваць у сельскай вытворчасці складана, але мне гэта па душы»

Люди
У дзень нашай сустрэчы з чарговым лаўрэатам сёлетняй прэміі «Чалавек года Браслаўшчыны» – трактарыстам ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс» Анатолем Шчарбіцкім – ён намываў трактар у мехмайстэрні, рыхтаваў свайго жалезнага таварыша да тэхагляду.

Безумоўна, трапіў Анатоль у намінацыю дзякуючы сваім поспехам у рабоце, пра якія расказаў кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Міхайлаў. «Пра такіх, як Анатоль Шчарбіцкі, кажуць – універсальны салдат: ён круглы год задзейнічаны на розных відах работ, умее працаваць амаль на любой тэхніцы, добра спраўляецца з усімі прычапнымі і навяснымі агрэгатамі», – адзначыў галава прадпрыемства.

Анатоль нарадзіўся і жыве ў вёсцы, расказвае, што ніколі нават не марыў пра гарадскія клопаты, таму і з прафесіяй вызначыўся яшчэ ў школе. Ён разважаў наступным чынам: галоўнае – атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, тады ў любой гаспадарцы работа знойдзецца. Так і адбылося. Жыве ён з дзяцінства ў Альгердове і працуе ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве.

– З цягам часу мяняліся назвы калгаса, да яго далучаліся новыя землі, прыходзілі на змену кіраўнікі, прадпрыемства было і адным з найбуйнейшых у раёне, і станавілася на мяжу банкруцтва, – расказвае А. Шчарбіцкі. – Я ўсё гэта бачыў і працягваў працаваць. Бывала такое, што хацелася кінуць, але прывык тут ды і разумеў, што калі ўсе апусцяць рукі, то абавязкова гаспадарка разваліцца. Быў час, калі, можна сказаць, працавалі за ідэю. Хачу заўважыць, што ў сельгасвытворчасці, як і, напэўна, амаль на любым прадпрыемстве, важна, каб кіраваў ім разумны чалавек, сапраўдны гаспадар, тады будзе толк. Напрыклад, як цяпер у нас. У апошнія гады з прыходам новага дырэктара Аляксандра Міхайлава гаспадарка ажыла: у хлявах стаіць накормленая жывёла, на палях гудуць трактары, а ў кішэнях работнікаў сельгаспрадпрыемства з’явіліся грошы.

Анатоль расказвае, што ён хоць і працуе трактарыстам, але ў сезон сенажаці перасаджваецца на КВК, на жніве круціць баранку камбайна. Стараецца выконваць усе работы хутка і якасна, каб быў прыбытак у гаспадарцы ды і заробак лепшы.

– Працаваць у сельскай вытворчасці, безумоўна, складана: у трактары з раніцы да вечара, у сезон і выхадных не маеш, але цяпер я разумею, што мне гэтае складанае сялянскае жыццё па душы, – кажа А. Шчарбіцкі. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ