Прывівае любоў да роднага слова. Браслаўчанка больш за 20 гадоў працуе настаўнікам беларускай мовы

Люди
Усе ведаюць, наколькі значная роля педагога ў грамадстве, аднак асаблівае месца я адвяла б настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Менавіта яны абуджаюць у сэрцах дзяцей любоў да роднага слова, на лепшых творах айчыннай літаратуры прывіваюць павагу да нашай культуры і традыцый. Браслаўчанка Аксана Сіўко дваццаць з лішкам гадоў таму назад выбрала такі шлях і па сённяшні дзень не расчаравалася ў ім.

Вызначылася яна за гэты час і з асноўным педагагічным прынцыпам: весці заняткі так, каб бачыць агеньчыкі дапытлівасці ў вачах навучэнцаў, іх жывую непадробную цікавасць, жаданне паказаць свае ўменні і навыкі. Што ж яшчэ трэба настаўніцы, якая ў прафесію прыйшла асэнсавана, прадоўжыўшы працоўную дынастыю: яе маці выкладала беларускую мову, работа бацькі таксама была звязана з дзецьмі. Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава ўраджэнка Міёршчыны па размеркаванні трапіла ў Браслаў, дзе ёй адразу прапанавалі работу ў гімназіі. У гэтай установе адукацыі А. Сіўко і працуе з 1998 года.

Сваю дзейнасць яна будуе на аснове пераканання, што педагог павінен тварыць і ніколі не спыняцца на дасягнутым. А калі ў яго самога ёсць зацікаўленасць, то абавязкова атрымаецца прывіць інтарэс да справы і дзецям. Дасягненні гімназістаў – знаўцаў беларускай мовы і літаратуры, у прыватнасці, неаднаразовы паспяховы ўдзел у этапах алімпіяды ў раёне, вобласці і на рэспубліканскім узроўні, – пацвярджаюць, што гэта сапраўды так.

– Мне цікавы сам працэс зносін з дзецьмі. Прыемна бачыць, як яны захапляюцца прадметам, як гараць іх вочы – хочацца даць ім больш. Не толькі на ўроках, але і ў пазакласнай дзейнасці я імкнуся заахвоціць навучэнцаў да ўдзелу ў розных конкурсах, даследаваннях, да стварэння і рэалізацыі праектаў. Такія віды работы даюць магчымасць для самавыражэння і развіцця дзяцей, – дзеліцца педагагічнымі сакрэтамі Аксана Уладзіміраўна. – Каб захапіць вучня, трэба ўбачыць яго інтарэсы, дапамагчы з іх вызначэннем і спрыяць працэсу росту дзіцяці. Заахвочваць да працы праз цікавыя факты, больш шырокую інфармацыю.

Таму выхаванцы А. Сіўко і дэманструюць не толькі выдатныя веды на тэарэтычных іспытах, а і добрыя вынікі на навукова-практычных канферэнцыях ды ў творчых конкурсах. Гэты ж навучальны год выдаўся асабліва «ўраджайным» на дасягненні: падчас абласнога этапа галоўнага інтэлектуальнага спаборніцтва краіны навучэнка 11-га класа Ганна Бялусь была адзначана дыпломам ІІІ ступені, а яе аднакласніца Ангеліна Варанецкая атрымала дыплом ІІ ступені і рыхтуецца прадставіць Браслаўскі раён у рэспубліцы.

Безумоўна, гэтаму папярэднічала вялікая сумесная работа дапытлівых дзяўчат і іх настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Яна, дарэчы, шмат увагі ўдзяляе прафесійнаму самаўдасканаленню – знаходзіцца ў пастаянным пошуку інфармацыі і высвятленні складаных пытанняў. Пры працы з дзецьмі, упэўнена Аксана Сіўко, трэба выкладацца на ўсе 100 %, верыць у поспех за дваіх – за сябе і за вучня, а яшчэ мець прафесійную кампетэнтнасць і быць сучасным, у тым ліку валодаць электроннымі сродкамі навучання. Усё гэта патрабуе шмат часу, таму, каб якасна рабіць сваю справу, даводзіцца чымсьці ў жыцці ахвяраваць. Так, са шкадаваннем адзначае педагог, нават кнігі яна чытае выключна метадычныя або праграмныя.

Аксана Уладзіміраўна ахвотна дзеліцца сваімі творчымі задумкамі і практычнымі знаходкамі: яна праводзіла майстар-класы, адкрытыя ўрокі для калег з раёна, вобласці, прадстаўляла напрацаваны вопыт у Пскове, публікавала матэрыялы на старонках часопісаў «Народная асвета», «Кіраванне ў адукацыі». Не дзіўна, што дзейнасць А. Сіўко адзначана ўзнагародамі рознага ўзроўню, сярод якіх маюцца і граматы Міністэрства адукацыі. ■

Жанна БЯЛЬКО