Поспех арганізацыі залежыць ад таленту яе кіраўніка. Яўген Перманіцкі – «Лепшы па прафесіі»

Люди
Па выніках работы за мінулы год дырэктар гандлёвавытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Завод спецыяльнай электронікі Зарад» Яўген Перманіцкі нездарма прызнаны на Браслаўшчыне сярод лепшых у намінацыі «Прамысловасць, гандаль, паслугі, фінансавая дзейнасць, малы і сярэдні бізнес».

Менавіта па яго ініцыятыве былі ўведзены ў гаспадарчы абарот пустуючыя будынкі ў Друйску і Браславе. Пасля грунтоўнага іх рамонту сёння на абедзвюх пляцоўках агульнай плошчай 1,5 тыс. квадратных метраў паспяхова дзейнічае новае прадпрыемства, на якім створана каля трыццаці працоўных месц.

Завод спецыяльнай электронікі заснаваны на Браслаўшчыне з мэтай адыходу ад імпартнай залежнасці. Цяпер ён супрацоўнічае з усімі машынабудаўнічымі прадпрыемствамі рэспублікі, сярод якіх асноўнымі партнёрамі з’яўляюцца МАЗ, БелАЗ, МТЗ. Нягледзячы на дастаткова складаныя на дадзены момант эканамічныя ўмовы, «Зарад» працуе стабільна і пастаўляе вырабленыя на тэрыторыі раёна блокі камутацыі, кантактары, клавішы, пераключацелі, гукавыя сігналы, розныя рэле і іншыя гатовыя вузлы як машынабудаўнікам Беларусі, так і імпарцёрам прадукцыі.

Агульнавядома, што поспех любой арганізацыі найперш залежыць ад таленту яе кіраўніка. У Яўгена Перманіцкага багаты вопыт кіраўніцкай дзейнасці. На розных пасадах ён 15 гадоў адпрацаваў у гандлі, прычым вырас ад вадзіцеля аўтамабіля да старшыні раённай спажывецкай кааперацыі. Узначальваў у Браславе і калектыў магазіна «Еўраопт», затым як намеснік старшыні райвыканкама адказваў у цэлым за накірункі развіцця эканомікі раёна. Лёс жа склаўся такім чынам, што ў 2018 годзе Я. Перманіцкі пачаў будаваць завод спецыяльнай электронікі і ствараць новае на Браслаўшчыне прадпрыемства, калектыў якога сёння надзейна працуе, трывала стаіць на нагах і працягвае добраўпарадкоўваць прылягаючую тэрыторыю. ■