Даглядае дарогі рэспубліканскага значэння. Браслаўчанін Віктар Пяткун працуе ў філіяле ДЭУ-34 з самага пачатку яго стварэння

Люди
Трактарыст пятага разраду ДЭУ-34 Віктар Пяткун працуе ў філіяле амаль з самага пачатку яго стварэння. Перш выконваў абавязкі дарожнага рабочага, а як толькі з’явілася магчымасць, сеў за руль трактара.

Пасля заканчэння дзевяці класаў Мількаўскай школы Віктар атрымаў правы трактарыста ў Відзаўскім СПТВ-169 і хутка пайшоў у армію. Праз два гады тэрміновай службы вярнуўся на сваю малую радзіму, нядоўга папрацаваў механізатарам у мясцовым калгасе і перайшоў у дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне. Вось ужо 20 гадоў В. Пяткун даглядае ў раёне дарогі рэспубліканскага значэння.

Цяпер за ім замацавана некалькі адзінак тэхнікі: трактар «Беларус», аўтагрэйдар і аднакаўшовы пагрузчык. Нягледзячы на працяглы тэрмін эксплуатацыі, яны, дзякуючы багатаму вопыту механізатара, заўжды маюць высокую тэхнічную гатоўнасць. Па словах кіраўніцтва філіяла, гэта садзейнічае высокаму каэфіцыенту выкарыстання тэхнікі, эканоміі гаруча-змазачных матэрыялаў і павышэнню прадукцыйнасці працы.

У летні час трактарыст старанна выконвае вялікі аб’ём вытворчых заданняў падчас механізаванай абкоскі абочын, адхонаў, палос адводу, пры правядзенні работ па прафіляванні абочын. У зімовы перыяд догляду аўтамабільных дарог ён своечасова выязджае расчышчаць праезную частку і абочыны ад снежных заносаў. Пры гэтым за ўвесь час працоўнай дзейнасці ў механізатара не зафіксавана парушэнняў Правіл дарожнага руху, таксама строга выконвае ён на рабочым месцы патрабаванні працоўнага распарадку, па ахове працы і пажарнай бяспецы.

За шматгадовую добрасумленную працу і асабісты ўклад у развіццё дарожнай сеткі Віктар Пяткун заахвочаны Падзякай дэпартамента «Белаўтадар», Ганаровай граматай РУП «Віцебскаўтадар», Падзякай старшыні Браслаўскага райвыканкама. ■

Казімір ПЯТУШКА