Абноўленая Канстытуцыя ўступіць у сілу 15 сакавіка

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі ў Палацы Незалежнасці падпісаў Рашэнне рэспубліканскага рэферэндуму па змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю краіны. На мерапрыемства ў Палацы Незалежнасці былі запрошаны больш за тысячу чалавек.

Нагадаем, вынікі рэферэндуму ЦВК зацвердзіла яшчэ 3 сакавіка. Паводле даных камісіі, яўка па краіне склала 78,63 працэнта ад агульнага спіса грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у рэферэндуме. За прыняцце змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі прагаласавалі 4 440 830 грамадзян, што склала 82,86 працэнта галасаваўшых.

Тым часам абноўленая Канстытуцыя ўступіць у сілу 15 сакавіка. Прэзідэнт адзначыў, што ў гісторыю суверэннай Беларусі ўпісана новая старонка – 27 лютага 2022 года, калі адбыўся рэспубліканскі рэферэндум, на якім абсалютная большасць нашых грамадзян падтрымала прапанаваныя канстытуцыйныя папраўкі.

«А гэта значыць, што падзея ўвойдзе ў падручнікі як чарговая вяха развіцця суверэннай краіны. І вельмі сімвалічна, што абноўлены Асноўны закон уступіць у сілу 15 сакавіка – у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго меркавання, беларусы зрабілі выбар на карысць эвалюцыйных пераўтварэнняў палітычнай сістэмы. «Народ Беларусі зрабіў свой выбар. Дэмакратычна, у адпаведнасці з нашымі беларускімі законамі. Народ праявіў мудрасць і нацыянальную сталасць», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ва ўмовах напружанай міжнароднай абстаноўкі, пагроз традыцыйнаму ўкладу жыцця грамадзяне зрабілі сур’ёзны крок у накірунку ўмацавання суверэнітэту краіны. «Зрабілі яго, абапіраючыся на ўласны вопыт канстытуцыйнага рэфармавання, беручы пад абарону спрадвечныя каштоўнасці, назапашаныя за шматвяковую гісторыю беларускага народа. Народа, які ў пераломныя моманты заўсёды рабіў выбар на карысць міру, стварэння і ўмацавання асноў нашай дзяржаўнасці», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Сведчанне таго, паводле яго слоў, і вынікі папярэдніх рэферэндумаў. «З той Канстытуцыяй, якую мы пісалі і ўдасканальвалі на заранку станаўлення суверэннай Беларусі, мы многага дасягнулі», – канстатаваў беларускі лідар.

На гэтым фоне, лічыць А. Лукашэнка, любая ўлада павінна ісці крыху наперадзе народа і паказваць шлях. «Вы ведаеце, юрысты кажуць, што Канстытуцыя – гэта дагавор улады і народа. Абсалютна правільна. І ў гэтай Канстытуцыі адлюстраваны асноўныя спадзяванні і жаданні нашага народа. Але скажу адкрыта: калі б мы спыніліся на жаданнях і спадзяваннях толькі нашага грамадства і народа, мы ў лепшым выпадку затармазілі б сваё развіццё, мы не развіваліся б. Таму любая ўлада на тое і ўлада, на тое яе і называюць элітай грамадства, каб ісці крыху наперадзе народа і паказваць той шлях, па якім гэты самы народ разам з гэтай уладай павінны рухацца. А для гэтага трэба крыху зазірнуць наперад, за гарызонт», – сказаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што гісторыя свету вымяраецца перыядамі і ў Беларусі своечасова ўлавілі момант паслядоўнага пераходу на новы ўзровень развіцця грамадства і палітычнай сістэмы. «Тое, якім маштабным і рэзанансным атрымалася ўсенароднае абмеркаванне паправак у Канстытуцыю, пацвярджае гэты тэзіс. Беларусы былі актыўнымі, шмат спрачаліся, перажывалі. Словам, абыякавых не было!» – заявіў кіраўнік дзяржавы і падкрэсліў, што новая рэдакцыя Асноўнага закона – гэта народны дакумент, які можна назваць Канстытуцыяй будучыні. Таму не дзіўна, што людзі яго падтрымалі.

Гэтым крокам беларусы вызначылі контуры ідэалогіі сваёй дзяржавы, якая застаецца рэспублікай з моцнай дзяржаўнай уладай, асцярожна і прадумана ўдасканалілі сістэму дзяржкіравання, захавалі адукацыю, ахову здароўя, культуру і спорт, як і раней, даступнымі ўсім. ■

Паводле матэрыялаў БелТА