Няпросты лёс. Пачытайце пра браслаўчанку, якой 8 сакавіка споўнілася 88 гадоў

Люди
Браслаўчанцы Еўдакіі Гаўрылаўне Паўлавай 8 сакавіка споўнілася 88 гадоў. Большая палова яе працоўнага стажу звязана з рэдакцыяй газеты «Браслаўская звязда».

На пасадзе галоўнага бухгалтара мясцовага друкаванага выдання яна працавала яшчэ ў будынку цяперашняга гісторыка-краязнаўчага музея, а пайшла на заслужаны адпачынак з вялікім стажам работы, шматлікімі граматамі і з нагрудным знакам «Ветэран працы» з цяперашняга месца размяшчэння рэдакцыі раённай газеты.

Сёння жанчына сталага ўзросту кажа, што жыццё не песціла яе з маленства. У сям’і падрасталі, акрамя яе, яшчэ тры малодшыя брацікі. Як старэйшай сястры іх даводзілася даглядаць, бо бацькі з ранку да позняга вечара былі заняты на рабоце. Нават пакупацца з равеснікамі ў чыстых прасторах возера Снуды, хвалі якога плёскаліся побач з домам, было за шчасце.

Перажыла маленькая Еўдакія таксама і цяжкія гады фашысцкай акупацыі. Праўда, у памяць найбольш урэзаўся эпізод, як яна, напалоханая, хавалася ў кутку на печы, а немец супакоіў яе жах прапанаванай шакаладкай.

Пасля вайны дзяўчына закончыла Плюскую школу, атрымала прафесію ў вучэбна-планавым тэхнікуме г. Маладзечна і працавала бухгалтарам у мясцовых прадпрыемствах. Выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей. Арэол шчасця панаваў у сям’і, але ў дзверы зноў пастукалася бяда: у выніку няшчаснага выпадку муж стаў інвалідам. Сына і дачку давялося ставіць на ногі адной.

Дапамагла і савецкая дзяржава, якая прадаставіла сям’і інваліда кватэру ў двухпавярховым доме па вуліцы Садовай. Калі дзеці трывала замацаваліся ў жыцці (дачка атрымала педагагічную адукацыю, сын паспяхова працаваў у паўночных рэгіёнах Расіі), Еўдакія Гаўрылаўна знаходзілася ўжо на заслужаным адпачынку. Але сталая жанчына не здавала сваіх пазіцый у грамадскай дзейнасці і шмат часу надавала таму, каб скрупулёзна весці бухгалтэрыю стараверскай абшчыны.

І на сённяшні дзень, маючы інваліднасць першай групы па зроку, яна не губляе аптымізму. У паўсядзённых справах ёй заўжды падстаўляе плячо дачка Вольга, а для душы склалася кола знаёмых, улюбёных у спевы. Песня ж, па ўстойлівым меркаванні людзей савецкага часу, дапамагае нам жыць і ствараць будучыню. ■

Казімір ПЯТУШКА