Глядзіце, як у Опсаўскай школе адзначылі Дзень роднай мовы

Новости
У свеце 21 лютага адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Сёння існуе шмат цудоўных моў, непаўторных і мілагучных. Але для нас, беларусаў, найпрыгажэйшай, несумненна, з’яўляецца свая, родная. Далучыцца да чароўнага свету беларускай мовы, абудзіць да яе цікавасць – такая была мэта школьнага свята.

Міжнародны дзень роднай мовы ў нашай установе праходзіў пад дэвізам «Рускай мове дай разгрузку, гавары па-беларуску!». Таму з раніцы ў панядзелак у школе панавала беларускамоўнае асяроддзе. На першым паверсе ўсіх сустракалі настаўнікі ў нацыянальных строях і ўручалі эмблему свята – блакітную валошку. Тут жа навучэнцам прапаноўвалі далучыцца да чэленджа «Мова родная – мова модная!», дзе трэба было напісаць сваё любімае слова пабеларуску. Яно пасля прымацоўвалася да імправізаванага «воблачка слоў».

На перапынках у фае гучалі беларускія песні і праходзіла акцыя «Гавары са мной па-беларуску!», падчас якой вучні выцягвалі картку і называлі намаляваны там прадмет па-беларуску. А яшчэ можна было паспрабаваць свае сілы ў флэш-батле «Хуткапрамаўлянкі. Чытаем разам». Лепшыя знаўцы беларускай мовы з 5 – 6 класаў скарысталіся магчымасцю і сталі актыўнымі ўдзельнікамі абласнога анлайн-турніру, які праводзіўся Віцебскім дзяржаўным універсітэтам.

Аднак самым маштабным і доўгачаным мерапрыемствам свята мовы стаў школьны кірмаш, да якога старанна рыхтаваліся ўсе вучні, бацькі і настаўнікі. На кірмашы можна было набыць беларускія нацыянальныя стравы, прысмакі, печыва. Вучні-гандляры рэкламавалі свае тавары, запрашаючы пакупнікоў да сябе. Трэба адзначыць, што кірмаш і для пакупнікоў, і для прадаўцоў прайшоў удала: усе тавары былі прададзены і настрой ва ўсіх быў найлепшы.

Якуб Колас казаў: «Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову». І школьнае свята дало вучням цудоўную магчымасць дакрануцца да каштоўнага скарбу нашага народа – роднай мовы і культуры. ■

Соф’я СЦЕФАНОВІЧ, вучаніца 6 класа