Лепшая сталовая і рост сацыялістычнай вытворчасці. Пра што пісала «Браслаўская звязда» 50 гадоў таму назад люты 1972-га

Отдых
ЗАЎТРА БРАСЛАВА

На сесіі гарсавета падвялі вынікі першага года пяцігодкі і ўзгадалі задачы на наступныя. У планах – павялічыць выпуск мэблі, дахавых матэрыялаў, хлебабулачных вырабаў, кансерваў, здабычу рыбы і інш. Будзе пабудавана 19 жылых дамоў на 198 кватэр. Намечана правесці далейшае асфальтаванне вуліц Стадыённай, Садовай, Юбілейнай, Дзяржынскага і пракласці па іх тратуары. У 1974 годзе запланавана прыступіць да будаўніцтва ў горадзе каналізацыі.

МЕХАНІЗАЦЫЯ ЎЛІКУ

Рост сацыялістычнай вытворчасці патрабуе павышэння ўзроўню арганізацыі планавання і ўліку. Важным яго сродкам з’яўляецца прымяненне сучаснай вылічальнай тэхнікі: лічыльна-клавішных, лічыльна-перфарацыйных і электронных вылічальных машын, сродкаў атрымання, перадачы і апрацоўкі інфармацыі. З мінулага года ў Браславе адкрыта машынна-вылічальная станцыя, якая ўжо механізавала ўлік у 15 арганізацыях. Апрацоўваюць дакументы цяпер 26 аператараў.

КАНФЕРЭНЦЫЯ ПАЛЯЎНІЧЫХ І РЫБАЛОВАЎ

Адбылася раённая справаздачна-выбарная канферэнцыя таварыства паляўнічых і рыбаловаў, на якой абмеркавалі дзейнасць у 1971 г. Было адзначана, што члены таварыства ў мінулым годзе правялі значную работу па ахове дзікіх жывёл. У прыватнасці, пабудавалі 26 кармушак, нарыхтавалі 20 тон бульбы і 7 тон збожжаадходаў. Сіламі паляўнічых зроблена звыш 13 тыс. галінкавых венікаў, раскладзена 3 т солі-лізунца. Цяпер у раёне спартыўным паляваннем і рыбнай лоўляй займаюцца звыш 1 100 чалавек.

НА ЭКРАНЕ – ФІЛЬМЫ ПА ФІЗКУЛЬТУРЫ

У фільматэцы аддзела народнай асветы ёсць шмат вучэбных стужак па розных раздзелах школьнай праграмы. Выкладчыкі літаратуры, гісторыі, хіміі, фізікі і іншых дысцыплін шырока выкарыстоўваюць іх на ўроках. Вучэбныя фільмы – пастаянныя памочнікі і выкладчыкаў фізічнага выхавання. Такія стужкі, як «Ранішняя гімнастыка», «Лёгкая атлетыка», «45 мінут фізкультуры» дзясяткі разоў прайшлі на школьных экранах, папулярызуючы прыгажосць, сілу і гармонію спорту.

УЗЯЛІ НА КАНТРОЛЬ АТЭІСТЫЧНУЮ РАБОТУ

Камуністы камбіната бытавога абслугоўвання абмеркавалі на сваім сходзе пытанне павышэння адказнасці партыйцаў і камсамольцаў за стан атэістычнага выхавання ў калектыве і паляпшэння такой работы на прадпрыемстве. У абмеркаванні прымалі ўдзел розныя працаўнікі – фатограф, швяя, загадчыкі казянскага і опсаўскага млыноў, мастак. Намечана не радзей за адзін раз у месяц праводзіць вечары-дыспуты, на якіх будуць чытацца лекцыі і даклады на атэістычныя тэмы.

ЗАХОЎВАЦЬ ПАШПАРТНЫ РЭЖЫМ

Усе савецкія грамадзяне ва ўзросце ад 16 гадоў, якія жывуць у гарадах, раённых цэнтрах, пасёлках гарадскога тыпу, абавязаны мець пашпарты. У сельскай жа мясцовасці яны ёсць у асоб, што працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах і ва ўстановах. Усе астатнія вяскоўцы пражываюць без пашпартоў, але абавязаны стаяць на ўліку ў пагаспадарчых кнігах сельсаветаў. Аднак пры выездзе на новае пастаяннае месца жыхарства за межы свайго раёна яны таксама атрымліваюць у міліцыі пашпарты. І ўсе грамадзяне павінны строга захоўваць устаноўлены парадак прапіскі і выпіскі.

ДЛЯ ЧАГО КЛУБ?

Пісалася ўжо не раз, што сумна ва Усянскім сельскім клубе. У вольны час хлопцам і дзяўчатам тут няма чым заняцца, нават кіно не дэманструецца. Загадчыкі доўга не затрымліваюцца, а без сапраўднага завадатара справа не клеіцца. Праўда, зрэдку знаходзяцца энтузіясты, якія арганізуюць канцэрт. Цяпер чарговы загадчык клуба сышоў, і моладзі звычайны вечар танцаў не зладзіць, бо не толькі музыкантаў, а і пласцінак нават няма. Выканкаму Зарацкага сельсавета трэба паклапаціцца пра ўмовы для адпачынку.

НАВЕДВАЛЬНІКІ ЗАДАВОЛЕНЫ

Сталовая торфабрыкетнага завода, адкрытая толькі год таму назад, у раённым спаборніцтве за 1971 г. заняла 2-е месца. Тут працуе дружны калектыў, які імкнецца, каб наведвальнікі былі добра і смачна накормлены. Сапраўды, на першае ў сталовай можна заказаць капусту, расольнік, крупнік з фрыкадэлькамі. На другое – ялавічыну адварную, гуляш, плоў, смажаніну, блінчыкі са смятанай. Ёсць што заказаць і на трэцяе. Словам, як у добрым рэстаране, толькі танней: абед з трох страў каштуе ў межах 36 – 45 капеек. ■

Жанна БЯЛЬКО