У Браславе прайшоў мітынг, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Новости
Шкада, што слова «салдат» ніяк не знікае ў паўсядзённай размове. Войны не спыняюцца на нашай планеце са старажытных часоў. А шлях іх заўжды страшны. Назаўсёды застанецца ў памяці кожнага беларуса і неабвешчаная гераічная і трагічная вайна ў Афганістане, у два разы даўжэйшая, чым Вялікая Айчынная. Амаль трыццаць тысяч ураджэнцаў нашай рэспублікі выконвалі там свой інтэрнацыянальны доўг, 723 з іх не вярнуліся на Радзіму.

Пятнаццатага лютага 1989 года большасць салдат і афіцэраў з абмежаванага кантынгенту перайшлі мост пагранічнай ракі Амудар’я пад Тэрмезам: вывад савецкіх войскаў з Афганістана афіцыйна завяршыўся. У Рэспубліцы Беларусь гэтая дата адзначаецца як Дзень памяці воінаўінтэрнацыяналістаў: у кожным рэгіёне краіны праходзяць урачыстыя мітынгі, падчас якіх ветэранам афганскай вайны грамадскасць выказвае удзячнасць за іх мужнасць, гераізм, вернасць воінскай прысязе.

У г. Браславе, у скверы ля памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам, мерапрыемства пачалося пад гукі афганскіх песень. Вядучыя – навучэнцы СШ № 1 імя А. М. Жданава – узгадалі гераічныя і трагічныя старонкі ўзброенага канфлікту і прадаставілі слова старшыні раённага выканаўчага камітэта.

Вячаслаў Грышчанка найперш падкрэсліў значнасць ролі ветэранаў афганскай вайны ў выхаванні пакалення будучых абаронцаў Радзімы, важнасць іх доблеснага прыкладу ў справе фарміравання грамадзянскай адказнасці кожнага беларуса за лёс нашай краіны. А звяртаючыся да герояў урачыстасці, ён, у прыватнасці, сказаў:

– Вы, як ніхто іншы, ведаеце цану міру, згоды і стабільнасці ў грамадстве. Многія з вас па-ранейшаму працягваюць працаваць дзеля роднай зямлі, прыносячы карысць ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі. Ваша актыўная жыццёвая пазіцыя, грамадская ініцыятыва па захаванні памяці пра баявых таварышаў з’яўляецца ўзорам для кожнага браслаўчаніна. Мы высока цэнім ваш уклад у развіццё рэгіёна, захаванне традыцый баявога брацтва.

Старшыня райвыканкама пажадаў воінам-інтэрнацыяналістам здароўя, шчасця, дабрабыту, і выказаў спадзяванне, што сучаснае грамадства не будзе здзяйсняць памылак, якія каштуюць людскога жыця, і над нашай зямлёй заўжды будзе мірнае неба.

Даніну павагі воінам-афганцам Браслаўшчыны выказалі таксама на мітынгу старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Леанід Мікшта, маці воіна-інтэрнацыяналіста, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання ветэранаў Вера Сяліцкая, член Маладзёжнай палаты пры райсавеце, намеснік начальніка пагранічнай заставы «Урбаны» лейтэнант Тадэвуш Парняўскі.

Дарэчы, на тэрыторыі Афганістана служылі 110 салдат і афіцэраў з Браслаўскага раёна. Валерый Александровіч не вярнуўся з поля бою, а 23 баявыя таварышы памерлі ўжо ў мірны час. Кожнага з іх успомнілі на мітынгу пайменна, а школьніцы на фоне рэквіема размясцілі на экспазіцыі «Чорны цюльпан» (сімвал крохкасці жыцця, смутку і жалобы) сімвалічныя лампадкі.

Таксама гонар загінулых і памерлых у мірны час ушанавалі мінутай маўчання і залпам з аўтаматаў. Пасля завяршэння мітынгу, прысвечанага 33 гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана, кіраўніцтва раёна, ваеннаслужачыя, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, гарадскіх прадпрыемстваў і ўстаноў, проста браслаўчане ўсклалі ля памятнага знака кветкі. ■

Казімір ПЯТУШКА