У Браславе прайшлі спаборніцтвы па падлёднай рыбнай лоўлі сярод міліцыянераў

Отдых
Штогод супрацоўнікі РАУС ладзяць спаборніцтвы па падлёднай рыбнай лоўлі, каб правесці вольны час разам, пагутарыць з калегамі ў нефармальнай абстаноўцы, урэшце, прадэманстраваць свой рыбалоўны спрыт. Гэты год не стаў выключэннем.

Як расказаў намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Яўген Шокель, сёлета ў спаборніцтвах прынялі ўдзел і ветэраны службы, і члены сямей міліцыянераў. Гэтым разам было прынята рашэнне рыбачыць не толькі на вудачку, а і лавіць драпежную рыбу на жыўца. На возеры Дрывяты рыбаловы правялі цэлы дзень.

Сабраўшыся на падвядзенне вынікаў, аматары хваліліся сваім уловам, расказвалі цікавыя гісторыі, якія здараліся з імі на рыбалцы, частаваліся зваранай на вогнішчы шурпой.

Найбольшую колькасць асобін (87 штук) злавіў Генадзь Гайдамовіч, па вазе (4 300 грамаў) пераможцам стаў Анатоль Пракопчык, а самую важкую рыбіну (шчупака ў 3 600 грамаў) злавіў Віталій Магрын. Безумоўна, лідары атрымалі прызы.

На развітанне рыбаловы казалі адзін аднаму, што яшчэ абавязкова збяруцца ў наступным годзе на сустрэчу-рэванш. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ