Дэпутат: «Плануючы будучыню, нельга забываць пра мінулае»

Референдум-2022

Ірына ГАПОН, дырэктар Слабодкаўскай ясляў-сада – сярэдняй школы, дэпутат райсавета:

– Лічу, што рэферэндум – значная падзея для любой дзяржавы, адпраўная кропка для далейшага развіцця грамадства. У новым праекце бачу шмат станоўчых змяненняў, напрыклад, артыкул 32. У ім гаворыцца, што дзяржава будзе спрыяць духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму ды фізічнаму развіццю моладзі, створыць неабходныя ўмовы для яе вольнага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі яе патэнцыялу ў інтарэсах усяго грамадства. Думаю, што маладыя людзі ў сваю чаргу павінны не толькі развіваць свае таленты, а і быць больш актыўнымі, цікавіцца эканомікай і палітыкай, бо ім у будучым давядзецца прымаць важныя рашэнні, вырашаючы ўзнікаючыя праблемы.

Важным лічу дапаўненне пра адказнасць бацькоў за падрыхтоўку дзяцей да грамадска карыснай працы, выхаванне павагі да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый, за сваё здароўе. Сярод змен і дапаўненняў Асноўнага закона вялікае значэнне нададзена захаванню гістарычнай праўды, памяці пра масавы гераізм народа, выхаванню патрыятызму ў падрастаючага пакалення.

Мы павінны вучыцца на ўроках гістарычнага мінулага. Трэба разумець, што мірная Беларусь – гэта наша багацце, неацэнная спадчына, завешчаная нам пакаленнем пераможцаў. Я як настаўнік гісторыі заклікаю вучняў, ды і дарослых людзей ведаць мінулае краіны, ганарыцца нашымі прадзедамі.

На самай справе 2022 год не выпадкова названы Прэзідэнтам Годам гістарычнай памяці: каб мець арыенціры ў будучыні, нельга забываць мінулае. Сёння ў краіне вядзецца вялікая работа і па аднаўленні гістарычнай праўды, і ўшанаванні гераічных подзвігаў беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І калі яшчэ наша пакаленне магло пачуць пра гэта з вуснаў непасрэдных удзельнікаў тых падзей, то сённяшняе ўжо даведваецца пра вайну выключна з кніг ды фільмаў. Наша ж задача – падаць гэтую інфармацыю максімальна праўдзіва. Упэўнена, абсалютна ўсе беларусы павінны прыняць удзел у будучым рэферэндуме. ■