Вячаслаў Грышчанка пра змены ў Канстытуцыю: «Разам мы зможам зрабіць наша жыццё лепшым»

Референдум-2022

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка сустрэўся з калектывам філіяла «Браслаўрыба». Візіт адбыўся ў рамках маштабнай інфармацыйнай кампаніі напярэдадні рэспубліканскага рэферэндуму, а таму яго галоўнай тэмай сталі канстытуцыйныя змяненні.

«Час ідзе, усё змяняецца. У адносінах да пэўных рэчаў узнікае неабходнасць іх заканадаўчага замацавання», – адзначыў кіраўнік раёна ў самым пачатку сустрэчы. Ён патлумачыў, што цяпер у Асноўны закон краіны прапануюцца артыкулы, што тычацца, напрыклад, абароны персанальнай інфармацыі ці вызначэння шлюбу як саюза мужчыны і жанчыны. І сапраўды, яшчэ дзесяцігоддзе таму назад мы і падумаць не маглі, што гэтыя аспекты нашага звычайнага жыцця спатрэбіцца прапісваць у Канстытуцыі.

Тым часам В. Грышчанка падкрэсліў, што новаўвядзенні, зразумела, у выпадку іх прыняцця, дазволяць Беларусі зрабіць значны крок наперад і лягуць у аснову далейшых канструктыўных пераўтварэнняў на многія гады.

«Разам мы зможам зрабіць наша жыццё лепшым. Галоўнае, быць да гэтага гатовымі», – выказаў упэўненасць старшыня райвыканкама і заклікаў завадчан праявіць актыўную жыццёвую пазіцыю і прыняць удзел у рэферэндуме.

Акрамя змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, на сустрэчы абмеркавалі бягучы стан спраў на прадпрыемстве і эпідэміялагічную абстаноўку адносна каранавіруснай інфекцыі. ■