Браслаўчанін: «Змяненні ў Канстытуцыю дапамогуць нам захаваць мір, гісторыю і суверэнітэт»

Референдум-2022

Мікалай ВЯЛІЧКА, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК:

– У пачатку мінулага года наша краіна актыўна рыхтавалася да VI Усебеларускага народнага сходу, усё часцей ішла размова пра магчымыя змяненні Канстытуцыі. А далей на працягу многіх месяцаў на дыялогавых пляцоўках грамадзяне выказвалі свае прапановы, абмяркоўвалі іх.

Я асабіста разам з іншымі экспертамі наведаў усе калектывы сельгаспрадпрыемстваў, пагутарыў з работнікамі, разабраўся ў незразумелых момантах. Магу запэўніць, што сельскія жыхары таксама чытаюць меркаванні беларусаў наконт новага праекта ў газетах, інтэрнэце, глядзяць выступленні па тэлебачанні. Яны, магчыма, хоць і занятыя больш, чым гараджане, але таксама трымаюць руку на пульсе, разумеюць важнасць будучага рэферэндуму.

На самай справе ўнясенне змяненняў у Асноўны закон дзяржавы своечасовае, прадыктаванае сённяшнімі рэаліямі. Пагадзіцеся, Канстытуцыя павінна адпавядаць сучасным запытам грамадства. Пашыраюцца правы чалавека, умацоўваюцца сацыяльныя гарантыі, як ніколі становіцца важным пытанне захавання асабістых даных і іншае. Адным з многіх станоўчых дапаўненняў у новым праекце лічу наданне паўнамоцтваў Усебеларускаму народнаму сходу. Упэўнены, што абноўленая Канстытуцыя дасць яшчэ больш магчымасцей захаваць мір, гісторыю і суверэнітэт Беларусі. Сёння ў нас, беларусаў, ёсць магчымасць прыняць удзел у вырашэнні лёсу краіны – прыйсці на рэферэндум 27 лютага. І мы зробім гэта разам. ■