Пра Канстытуцыю і не толькі. Вячаслаў Грышчанка сустрэўся з калектывам ДЭУ-34

Референдум-2022

Пра змены ў беларускую Канстытуцыю і не толькі ішла размова на сустрэчы старшыні Браслаўскага райвыканкама Вячаслава Грышчанкі з калектывам ДЭУ-34.

Яшчэ ў самым пачатку мерапрыемства кіраўнік раёна адзначыў, што нашы дарогі – своеасаблівая візітная картка вобласці і нават краіны, бо менавіта па іх стане ў пэўнай меры і ацэньваюць адпаведную інфраструктуру тыя, хто трапляе на Браслаўшчыну з-за мяжы. На гэтым фоне В. Грышчанка нацэліў мясцовых дарожнікаў на яшчэ больш якасную работу і выказаў упэўненасць у дасягненні гэтай мэты. Падкрэсліў ён і такі аспект належнага ўтрымання дарог, як бяспека. «Улады ж у гэтай важнай справе заўсёды пойдуць насустрач», – запэўніў старшыня райвыканкама.

Галоўныя моманты ў кантэксце канстытуцыйнай рэформы акрэсліла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юлія Чагарына. Яна завастрыла ўвагу прысутных на вялікай падрыхтоўчай рабоце, асноўных змяненнях і дапаўненнях у дакумент, бягучай дзейнасці па падрыхтоўцы рэспубліканскага рэферэндуму.

Вячаслаў Грышчанка, гаворачы пра неабходнасць канстытуцыйных перамен, падкрэсліў, што іх неабходнасць прадыктавана самім часам. «Жыццё змяняецца – гэта непазбежна. Мы таксама павінны змяняцца разам з ім», – сказаў кіраўнік раёна. Ён таксама расказаў пра некаторыя аспекты рэформы, аднак асаблівы акцэнт зрабіў на норме, што мае на ўвазе адказнасць кожнага з нас за ўласнае здароўе. «У гэтым плане дзяржава бярэ на сябе вялікую адказнасць за сваіх грамадзян. Аднак і людзям варта больш уважліва ставіцца да саміх сябе, у тым ліку ў пытаннях захавання здароўя», – адзначыў старшыня райвыканкама.

У якасці актуальнага прыкладу В. Грышчанка прывёў бягучую сітуацыю вакол пандэміі каранавіруса. Паводле яго слоў, у рамках існуючай дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі кожны з нас можа разлічваць на бясплатную медыцынскую дапамогу. Аднак і мы ў стане зрабіць крок насустрач – прышчапіцца ад COVID-19. Гэта вельмі істотна паменшыць нагрузку на медыкаў і, што таксама немалаважна, на бюджэт, які і так у апошні час накіроўвае на раённую медыцыну значныя дадатковыя сродкі. ■