У Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстаўка вырабаў з лямцу. Запрашаем наведаць

Отдых
У музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстаўка вырабаў з лямцу майстроў з Браслаўскага, Пастаўскага і Міёрскага раёнаў.

Чалавек здаўна заўважыў пластычныя ўласцівасці лямцу. З яго рабілі адзенне, абутак, прадметы для быту, напрыклад, для захоўвання прадуктаў і інш. На Браслаўшчыне, па ўспамінах старажылаў, рамяству працы з лямцам мясцовых жыхароў вучыў мужчына, які збег з ваеннага палону, асеў на нашых землях, хадзіў па вёсках, рабіў валёнкі і вучыў гэтаму ўсіх жадаючых.

З цягам часу з’явіліся новыя тэхналогіі ў валянні, прыстасаванні, метады, элементы. Цяпер сучасныя майстры робяць з лямцу не толькі валёнкі, але і ажурныя капелюшы, пальчаткі, спадніцы і інш. На выстаўцы прадстаўлены самыя разнастайныя вырабы, і аж не верыцца, што асновай для іх стаў такі просты натуральны матэрыял. Восем майстрых прывезлі ў музей свае работы. З Пастаў прыехалі на адкрыццё выстаўкі аўтары экспанатаў – Людміла Міхалевіч, Анжэла Рэгута, Марыя Ластоўская.

Загадчыца музея Элеанора Зінкевіч, якая таксама выдатна валодае тэхнікай валяння і работы якой выстаўлены ў экспазіцыі, пазнаёміла прысутных з гасцямі, дала кожнаму слова для прадстаўлення адмысловых рэчаў з лямцу.

Выстаўка атрымалася цікавай. Вырабы як браслаўчанак, так і гасцей заварожваюць акуратнасцю, фантазіяй, колеравай гамай. Завітайце і вы – не пашкадуеце! ■

Алена НАБЕЕВА