Тэма нумар адзін. Змяненні ў Канстытуцыі абмеркавалі на дыялогавай пляцоўцы ў Друі

Референдум-2022
Чарговая дыялогавая пляцоўка па абмеркаванні змяненняў і дапаўненняў у беларускую Канстытуцыю адбылася ў Друі. У яе рамках кіраўніцтва Браслаўскага раёна дэталёва абмеркавала пытанне з актывам мясцовага сельсавета.

Старшыня райсавета Ніна Пучынская пачала размову з гістарычнага экскурсу, падчас якога нагадала прысутным пра асноўныя вехі развіцця галоўнага дакумента нашай краіны. Паводле яе слоў, цяпер у Беларусі зноў узнікла неабходнасць канстытуцыйных пераўтварэнняў і тычацца яны самых розных сфер.

Н. Пучынская акрэсліла найбольш значныя аспекты, што вынесены ў праект. Гэта замацаванне неабходнасці захоўваць і абараняць гістарычную праўду, эвалюцыя выбарчага працэсу, функцыі і асаблівасці дзейнасці Усебеларускага народнага сходу, абвяшчэнне Беларусі мірнай атамнай дзяржавай, рэфармаванне сістэмы мясцовага кіравання і самакіравання і іншае. «Пры гэтым наша дзяржава застаецца сацыяльна арыентаванай прэзідэнцкай рэспублікай з моцнай вертыкаллю ўлады», – падкрэсліла галава раённага дэпутацкага корпуса і дадала, што праект абноўленай Канстытуцыі атрымаўся вельмі ўдалым і накіраваны выключна на далейшае развіццё краіны.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка завастрыў увагу на эвалюцыйных працэсах, якія ляглі ў аснову маштабнай работы па дадзеным накірунку. Адказваючы на пытанне прысутных у зале, ён падрабязна расказаў пра ініцыятыву наконт замацавання ў Асноўным законе адказнасці грамадзян за сваё здароўе. Кіраўнік раёна адзначыў вялікую ўвагу, якую цяпер надае дзяржава стану здароўя насельніцтва. Тым не менш намаганняў толькі з яе боку недастаткова: неабходна, каб кожны з нас перш-наперш сам клапаціўся пра сябе.

Друяне цікавіліся не толькі аспектамі Канстытуцыі, але і перспектывамі развіцця свайго аграгарадка.

У якасці прыкладу В. Грышчанка прывёў бягучую сітуацыю вакол пандэміі каранавіруса. Паводле яго слоў, дзяржава робіць вельмі многа, затрачвае на медыцыну каласальныя сродкі. Аднак і людзям варта адчуваць сваю адказнасць у гэтым плане, скажам, зрабіць прышчэпку. Так можна не толькі абараніць сябе ад цяжкіх форм хваробы, але і істотна знізіць нагрузку на бюджэт, які ў такім выпадку атрымае магчымасць пераразмеркаваць сродкі на іншыя накірункі.

На сустрэчы таксама абмеркавалі пытанні далейшага добраўпарадкавання Друі і іншых населеных пунктаў сельсавета, мясцовую грашова-бюджэтную палітыку, перспектывы далейшага развіцця рэгіёна. ■