Запуск торфабрыкетнага завода і 800 нованароджаных. Пра што пісала «Браслаўская звязда» ў 1967-м

Отдых
ПОСПЕХІ АКРЫЛЯЮЦЬ

З добрымі вынікамі ўступіў у другі год пяцігодкі калектыў камбіната бытавога абслугоўвання. Сацыялістычнае спаборніцтва за дастойную сустрэчу 50-годдзя савецкай улады прынесла калектыву заслужаны поспех: мінулагодні план выкананы на 113,2 %. Асабліва пашчыравалі майстры кравецкіх майстэрань: для працоўных раёна пашыта 2 116 паліто, 2 569 сукенак і 1 354 касцюмы. Дасягнутыя паказчыкі акрыляюць калектыў на новыя поспехі.

У НАС НА БРАСЛАЎШЧЫНЕ

– У мінулым годзе 800 маленькіх грамадзян нарадзілася ў Браслаўскім раёне. У тым ліку ў Слабодкаўскім сельсавеце – 67, у Іказненскім – 69, у Відзах прыбавілася 73 дзіцяці.

– Добра папрацавалі летась работнікі Спрындаўскага аддзялення сувязі. Яны пабывалі ва ўсіх хутарах і вёсках, ахапілі падпіскай кожную сям’ю і распаўсюдзілі каля 900 экз. газет і часопісаў.

– Задаволены жыхары в. Вазгелянцы: перад самым Новым годам успыхнулі лямпачкі Ільіча ў новым будынку. Тут размясціўся фельчарска-акушэрскі пункт, які раней знаходзіўся на хутары.

У ЛАЗНІ… БЕЗ ВАДЫ

Старанна працуюць і культурна адпачываюць жыхары в. Дрысвяты. На работу ж грамадскай лазні ўзнікаюць у іх нараканні. Раней вяскоўцы маглі памыцца кожны тыдзень, цяпер – праз адзін: так чамусьці распарадзілася кіраўніцтва саўгаса «Відзаўскі». І работнік лазні перастаў наглядаць за парадкам. Памяшканне амаль не прыбірае, увесь час не хапае вады: часта даводзіцца вяртацца дадому, нават не змыўшы мыла. Дырэкцыі саўгаса трэба праявіць больш увагі да патрэб людзей.

СТАТУТ КПСС – ЗАКОН

Партыйная арганізацыя сельгасарцелі «Дружба» налічвае ў сваіх радах 15 камуністаў. Як і хто з іх апраўдвае сябе на даручаным участку, ішла размова на нядаўнім сходзе. Яго ўдзельнікі адзначылі, што ў большасці члены партыі з гонарам нясуць высокае званне, служаць прыкладам у працы, праяўляюць ініцыятыву, добра паводзяць сябе ў быце. Аднак асобныя з іх стараюцца не ў поўную меру, дапускаюць амаральныя ўчынкі і тым самым парушаюць Статут КПСС. Настойліва працаваць над павышэннем свайго ідэйнатэарэтычнага ўзроўню – абавязак кожнага камуніста.

ТАКІХ ПРАФЕСІЙ НЕ БЫЛО

Гадоў 20 таму назад у казянскіх мясцінах рэдка можна было ўбачыць машыну або трактар. А цяпер укараняюцца механізмы і ў жывёлагадоўлі: у кароўніку вада сама бяжыць па трубах да аўтапаілак, устаноўлены транспарцёр для выдалення гною, няма неабходнасці цягаць мяхі са збажыной у свірне. Калгас «Гвардыя» поўнасцю электрыфікаваны, сіласарэзкі, льномялкі, пілараму і іншае абсталяванне прыводзяць у рух электраматоры. Усёй гэтай тэхнікай кіруюць спецыялісты, 35 чалавек водзяць трактары, 10 – аўтамашыны.

КАБ НЕПАВАДНА БЫЛО

Задумала брыгадзір калгаса імя Чарняхоўскага адзначыць свой дзень нараджэння. Купіла гарэлкі, моцна выпіла. А калі трэба было з’явіцца ў праўленне, схавалася ў салому. Але пра тое, што яна купляла ў магазіне гарэлку, ведалі члены брыгады. «Дудкі, – вырашыла жанчына, – цяпер я буду хітрэйшай». І перайшла на «самаабслугоўванне»: адзін раз выгнала самагонку, рыхтавалася і другі. Ды на гэты раз не ўдалося, бо папалася і заплаціла 150 рублёў штрафу. І правільна, каб іншы раз непавадна было.

ЭКСКУРСІЯ Ў ЛЕНІНГРАД

У конкурсах-аглядах «Салют Кастрычніку» і «Ззяйце, ленінскія зоркі» ўдзельнічалі ўсе камсамольцы і піянеры Малькаўскай сярэдняй школы. У канцы навучальнага паўгоддзя педагагічны савет сумесна з камітэтам камсамола падвялі вынікі і вызначылі пераможцаў – усяго 13 вучняў. Згодна з умовамі, яны атрымалі права на экскурсію ў Ленінград. За 4 дні школьнікі пазнаёміліся з гістарычнымі месцамі, помнікамі культуры, творамі мастацтва. Асаблівае ўражанне пакінула наведванне Смольнага і кабінета, дзе працаваў У. І. Ленін.

ХОЧАШ ЕХАЦЬ – КУПІ… ЛАТАРЭЙНЫ БІЛЕТ

Калі пасажыр, які 22 студзеня сабраўся ехаць з гарадскога пасёлка Відзы ў Браслаў, падаў грошы за паездку, касір запатрабаваў, каб той купіў і білет грашова-рэчавай латарэі. Ён не захацеў слухаць ніякіх довадаў і нават… адмовіўся выдаць квіток на аўтобус. Добра, што кандуктар паспачувала і, запрасіўшы ў салон, прадала праязны білет. Пасажыры з абурэннем гавораць пра частыя «ноўшаствы» ў касе, а як аказалася, гэты грубіян зусім і не касір. А чаму ён там сядзіць, нікому невядома. Можа, дырэкцыя аўтабазы адкажа? ■

Жанна БЯЛЬКО