Старшыня райаб’яднання прафсаюзаў абмеркавала праект адноўленай Канстытуцыі з калектывамі фінансавых устаноў Браслава

Референдум-2022
Браслаўскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў таксама актыўна падключылася да ўдзелу ў абмеркаваннях змен у Асноўны закон краіны – Канстытуцыі.

У пярвічных прафарганізацыях праводзяцца сходы, на якіх тлумачацца змяненні. Старшыня райаб’яднання Вераніка Сінькевіч асабіста наведвае калектывы і абмяркоўвае з браслаўчанамі праект будучай Канстытуцыі. Падчас гутаркі з работнікамі ЦБП № 244 ААТ «Белаграпрамбанк» і ЦБП № 205 ААТ «Беларусбанк», напрыклад, акцэнт быў зроблены на захаванні гістарычнай памяці: у праекце артыкул 15 дапоўнены новым абзацам «Дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны».

Дыялог з банкаўскімі работнікамі атрымаўся жывым і канструктыўным. Браслаўчане выказвалі свае меркаванні, дзяліліся думкамі. «Мы бачым, што існуюць памкненні фальсіфікацыі ваенных падзей, у некаторых краінах ужо не адзначаюць як свята 9 мая, зносяць помнікі салдатам. Аднак наша пакаленне яшчэ добра памятае сваіх дзядоў, прадзедаў, ад іх чула праўду пра вайну. Мы павінны данесці да моладзі сапраўдную гісторыю, закласці трывалы падмурак маральнасці. Шмат зроблена ў патрыятычным накірунку, а будзе рабіцца яшчэ больш: 2022-ы аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Вывучайце Канстытуцыю, рабіце свой выбар, выказвайце свае прапановы. Не заставайцеся ў баку ад гэтай значнай падзеі ў жыцці краіны», – падкрэсліла В. Сінькевіч. ■