Работнікі Браслаўскай ЦРБ адзначаны абласнымі ўзнагародамі

Люди
Падчас 36-й сесіі Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў 28 склікання абласнымі ўзнагародамі былі адзначаны медыцынскія работнікі нашай ЦРБ: в. а. намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы, урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг (загадчык) аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Алена Абалевіч, загадчык хірургічнага аддзялення Вадзім Кавалёнак, урач агульнай практыкі Галіна Курэц.

Ганаровыя граматы і падзякі ад імя абласнога кіраўніцтва медыкам уручыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка. Адзнака браслаўскіх медыкаў, пашана складанай і такой неабходнай для нас справы стала прыемным падарункам да свят.

Сярод узнагароджаных таксама галоўная медыцынская сястра Браслаўскай ЦРБ Тамара Супранёнак. Жанчына шмат гадоў прысвяціла ўстанове і прафесіі, з’яўляецца адным з вопытных і добрасумленных работнікаў. ■