Прэзідэнт: гістарычная палітыка – мост паміж мінулым і будучыняй

Референдум-2022
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду на тэму рэалізацыі гістарычнай палітыкі.

Год гістарычнай памяці, якім у Беларусі аб’яўлены 2022-гі, пройдзе пад знакам захавання гераічнай спадчыны і праўды пра ўсе перыяды жыцця беларускага народа. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на профільнай нарадзе.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, неабходна сістэматызаваць гістарычныя даследаванні, мемарыяльныя комплексы, вызначыць на перспектыву даты, падзеі, асоб, якія трэба ўвекавечыць, унесці карэктывы ў работу па патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі з апорай на факты гераічных подзвігаў продкаў. «Сёння ўся гэта работа – адзін з найважнейшых напрамкаў забеспячэння нацыянальнай бяспекі краіны», – падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба ўдзяліць пільную ўвагу пытанням так званай гістарычнай палітыкі: «Упершыню за гады сваёй незалежнасці мы ставім гэтыя два паняцці – «гісторыя» і «палітыка» – побач. Да гэтага часу мы стараліся не палітызаваць гісторыю. Выбраны беларускім народам палітычны курс краіны быў нацэлены на захаванне добрых адносін перш за ўсё з нашымі суседзямі».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі спынялі любую праяву рэваншызму, нацыяналізму, шавінізму і другіх ідэй, якія дыскрымінуюць гісторыю, культуру і іншыя народы. У краіне таксама не вялі войнаў памяці ў мэтах умацавання сваёй дзяржаўнасці, стараліся не закрануць нацыянальныя пачуцці тых, з кім некалі жылі ў адзіных дзяржавах.

На гэтым фоне Аляксандр Лукашэнка назваў гістарычную палітыку фактарам нацыянальнай бяспекі Беларусі. Ён падкрэсліў, што сваю гісторыю мы перапісваць не павінны. Але мы таксама не будзем больш замоўчваць канкрэтныя факты, як, напрыклад, у выпадку са злачынствамі беларускіх, а таксама польскіх, літоўскіх, украінскіх калабарацыяністаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Прэзідэнт таксама выступіў за адэкватную ацэнку гістарычных перыядаў, уключаючы часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай. «Калі сёння літоўцы і палякі адмаўляюць уклад беларускага народа ў развіццё такіх гістарычных форм дзяржаўнасці на нашай зямлі, як Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, то што нам перашкаджае даць гэтым перыядам адэкватную ацэнку, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Давайце ў падручніках па гісторыі, у замкавых і музейных экспазіцыях так і назавём, напрыклад, перыяд Рэчы Паспалітай – акупацыяй беларускай зямлі палякамі. Этнацыдам беларусаў. А што гэта было для нашых продкаў? Родная мова, культура, вера пад забаронай. Нельга было нават быць чалавекам. Магнаты на сабак мянялі беларускіх сялян. Але народ выжыў і больш за тое – захаваў сваю самабытнасць».

«А вазьміце Вялікае Княства Літоўскае. Сучасныя літоўцы фактычна прыватызавалі спадчыну гэтага дзяржаўнага ўтварэння. Але што там было літоўскага? Мова – наша, на ёй жа напісана і Канстытуцыя – Статут. Галоўная вера – праваслаўе. Тэрыторыя – у асноўным беларуская, украінская, часткова рускія землі. Народ на 80 працэнтаў – наш. Славяне. А гэта асноўныя атрыбуты і прыкметы дзяржаўнасці», – падкрэсліў беларускі лідар.

Разам з гэтым Прэзідэнт заклікаў не забываць і пра дасягненні савецкага перыяду. Паводле яго слоў, менавіта тады пачалася гісторыя беларускай дзяржавы

. Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што сёння беларускі народ працягвае пісаць сваю гісторыю. Пры гэтым цяпер стаіць задача не дапусціць развіцця ідэй, якія могуць падарваць краіну ў будучым. «Спакойна, без хістанняў нам трэба гэтыя пытанні адпрацаваць і канцэптуальна вызначыцца ў падыходах, пракласці моцны мост паміж мінулым і будучыняй нашай Беларусі», – адзначыў ён. ■

Паводле матэрыялаў БелТА