Прыбытак калгаса – паўмільёна рублёў. Пра што пісала «Браслаўская звязда» ў снежні 1986-га

Новости
СЯМЕЙНЫЯ ЎРАЧЫСТАСЦІ

Сёлета ў раёне праводзіцца агляд-конкурс на лепшага вядучага рытуалаў сярод работнікаў выканкамаў. Калі давялося дэманстраваць свае ўменні сакратарам з Дрысвят і Опсы, дзень выдаўся багатым на сямейныя ўрачыстасці. Тры маладыя пары рэгістравалі шлюб, а дзве сям’і браслаўчан – нараджэнне дзяцей. Другая дачка – Святлана – з’явілася ў Аляксандра і Веры Ракеляў, а ў шчаслівых бацькоў Эдуарда і Наталлі Раковічаў папаўненне вельмі значнае: у іх нарадзіліся адразу два сыны-першынцы – Дзмітрый і Дзяніс. Адзначыць радасць гэтай сямейнай падзеі, падкрэсліць яе ўрачыстасць дапамаглі работнікі ЗАГСа.

НЕБЯСПЕЧНА ДЛЯ ЖЫЦЦЯ

«Патрэбна, як у мосце дзірка…» У народзе, як бачна, сказана недвухсэнсоўна пра дзіравыя масты. А жыхары г. п. Друя лічаць, што хтосьці ў іх узаконіў гэтую з’яву. Інакш не чакалі б, калі хто праваліцца праз шматлікія «адтуліны» на мосце праз Друйку. Апынуцца ж у вадзе не такая ўжо і праблема, бо велічыня шчылін адпавядае габарытам чалавека, а ліхтары ноччу тут не свецяць. Небывалы спрыт патрабуецца вадзіцелям, каб на транспарце старанна аб’язджаць тыя дзіркі. Дакуль жа будуць выпрабоўвацца адвага і нервы друян? Гэта пытанне да кіраўніцтва гарпассавета, камунальнай службы і дарожнікаў.

ВЕСТКІ З КАЛГАСА «МАЯК»

– Не пазнаць Дом культуры пасля рэканструкцыі: ён стаў нагадваць сапраўдны палац. З густам аформлены і чырвоныя куткі на свінакомплексе і МТФ «Ёдлавічы». На гэта пайшло 25 тыс. рублёў.

– Не ва ўсіх гаспадарках раёна ўрадзілі сёлета так нават буракі, як бульба сорту «кардынал» у «Маяку». Больш як па 500 цэнтнераў клубняў на круг накапалі бульбаводы калгаса.

– Віктару Вайтанцу з Пагошчы не хацелася перабірацца ў горад. З арміі вярнуўся ў гаспадарку, атрымаў ЗІЛ. А ў дзень вяселля праўленне паднесла маладым сюрпрыз – ключы ад новай кватэры.

МАРАЛЬНАЕ ПАДЗЕННЕ

У адной з гаспадарак раёна адбылося выязное пасяджэнне народнага суда. У прысутнасці калгаснікаў разглядалася справа аб абмежаванні дзеяздольнасці дзвюх даярак. Віна іх перад калектывам, перад сваімі дзецьмі была добра вядома ўсім: не ўстаялі жанчыны перад чаркай, якая выцесніла мацярынскія пачуцці, прытупіла сумленне. Пошук спіртнога стаў іх асноўнай мэтай, а дзеці перабіваліся як прыйдзецца. Суд пазбавіў жанчын права самастойна, без дазволу апекуноў, атрымліваць і выкарыстоўваць заработную плату ( а яна ў іх немалая – па 200 руб. у сярэднім).

ПРАБЛЕМА ЗАСТАЕЦЦА

Калгас «Прагрэс» эканамічна моцны, сёлета, напрыклад, тут плануюць атрымаць гадавога прыбытку каля паўмільёна рублёў. І ўсё ж перспектывы гаспадаркі трывожаць: слаба ў ёй вырашаецца праблема кадраў. Прычын, з-за якіх моладзь пакідае калгас, нямала. Для прыкладу, хлопцы пасля арміі не імкнуцца на трактар, бо на ім даводзіцца працаваць практычна без адпачынку, у жывёлагадоўлі таксама нагрузка вялікая – па 30 і больш кароў на даярку. Няважна і з адпачынкам моладзі, нават загадчыца клуба ўцякла. І самае галоўнае – адсутнасць жылля. Пакуль гэтыя праблемы не вырашацца, станоўчых змен не будзе.

НОВАЯ ПРАДУКЦЫЯ

У лістападзе калектыў швейнага цэха вытворчага аб’яднання будматэрыялаў пачаў выпуск новай прадукцыі. Па заказе прадпрыемстваў гандлю швачкі асвоілі пашыў мужчынскіх трусоў. У першы месяц іх адгружана 5 760 штук. На дванаццаць з лішнім тысяч рублёў будзе пашыта бялізны ў снежні. Усяго швейны цэх пастаўляе на гандлёвыя базы 18 відаў сваёй прадукцыі на суму каля дванаццаці мільёнаў рублёў. Калектыў паспяхова спраўляецца з вытворчай праграмай. Ужо больш за сорак работніц выканалі асабістыя заданні першага года пяцігодкі. На іх працоўным календары – 1987-ы. ■

Жанна БЯЛЬКО