У Друі адкрыўся сацыяльны пункт

Новости
Адна з асноўных задач сацыяльнай службы – арганізаваць сваю працу так, каб яе паслугі былі даступнымі для насельніцтва і абслугоўванне ахоплівала ўсіх, хто адчувае патрэбу ў дапамозе, у тым ліку жыхароў самых аддаленых і маланаселеных вёсак. Дзеля гэтага ў адпаведнасці з праграмай развіцця сацыяльнай сферы Віцебшчыны ў вобласці дзейнічаюць каля 240 сацпунктаў ад раённых тэрытарыяльных цэнтраў, пры гэтым пераважная большасць іх размешчана ў сельскай мясцовасці. Адзін такі пункт нядаўна пачаў працу ў Друі.

Адкрыццё сацыяльнага пункта ў будынку мясцовага сельсавета стала значнай падзеяй для жыхароў аграгарадка і навакольных вёсак. У самой Друі цяпер жывуць 493 чалавекі, што дасягнулі пенсіённага ўзросту, 75 – людзі з інваліднасцю І і ІІ групы, а таксама тут налічваецца 12 мнагадзетных сем’яў, 25 няпоўных, 22 малазабяспечаныя, у 7 дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Каб ніхто з гэтых катэгорый друян не быў абдзелены падтрымкай, змог своечасова падаць неабходныя дакументы і атрымаць патрэбныя паслугі ці матэрыяльную дапамогу, і створаны ў аграгарадку сацыяльны пункт. Дарэчы, звяртацца сюды могуць таксама жыхары іншых населеных пунктаў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Такім чынам, зроблены чарговы крок у справе сацабароны насельніцтва.

Менавіта на гэты факт звярнуў увагу прысутных кіраўнік Друеўскага сельвыканкама Міхаіл Бакевіч падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця. Ён адзначыў, што дзякуючы ініцыятыве раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва дапамога стала бліжэйшай да людзей, якія маюць патрэбу ў ёй, а ў аграгарадку з’явілася новае працоўнае месца.

Алена Зайкоўская – спецыяліст па сацыяльнай рабоце друеўскага пункта.

Дырэктар ТЦСАН Вікторыя Атрашкевіч у сваю чаргу падзякавала мясцовай уладе за супрацоўніцтва і падрабязна расказала пра напрамкі дзейнасці новага сацыяльнага пункта, падкрэсліўшы, што гэта, па сутнасці, міні-прадстаўніцтва тэрытарыяльнага цэнтра і цяпер мясцовыя жыхары могуць вырашыць тут многія пытанні: ад атрымання інфармацыі да афармлення неабходных дакументаў. Таксама, карыстаючыся выпадкам, яна прадставіла спецыяліста пункта Алену Зайкоўскую, якая будзе працаваць з наведвальнікамі з панядзелка па пятніцу з 12 да 14 гадзін, і ўручыла ганаровыя граматы ТЦСАН мясцовым сацыяльным работнікам Ігару Аляксееву, Вадзіму Зайкоўскаму і Уладзіміру Пархоменку, што вызначыліся добрасумленнай працай і ўзорным выкананнем сваіх абавязкаў.

Сацыяльны пункт у Друі адкрылі, дарэчы, з захаваннем усіх адпаведных традыцый: М. Бакевіч і В. Атрашкевіч перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку, а работнікі культуры правялі народны абрад, які спрыяе паспяховаму пачатку новай справы. ■