Апублікаваны вынікі сацыялагічнага даследавання «Беларусь: меркаванне пра будучыню»

Новости
З мэтай сацыялагічнага забеспячэння рэспубліканскага рэферэндуму ў нашай краіне праведзена маштабнае сацыялагічнае даследаванне «Беларусь: меркаванне пра будучыню». Гэтай работай займаўся сацыялагічны кансорцыум Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі і Аналітычнага цэнтра EcooM.

У апытанні прынялі ўдзел 10 217 рэспандэнтаў. Генеральная сукупнасць – эканамічна занятае насельніцтва з усіх абласцей Беларусі, Мінска, 52 раёнаў (з улікам 9 раёнаў сталіцы), амаль 350 арганізацый і прадпрыемстваў розных сфер і форм уласнасці.

Згодна з данымі сацдаследавання, больш за 72 % беларусаў давяраюць Прэзідэнту. Пры гэтым узровень падтрымкі кіраўніка дзяржавы высокі ва ўсіх узроставых групах.

Узровень даверу іншым дзяржаўным і грамадскім інстытутам выглядае наступным чынам: арміі – 70,6 %, царкве – 65,5 %, праваахоўным органам – 62,5 %, ураду – 59,8%, парламенту (Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь) – 56,4 %. Звяртае на сябе ўвагу высокая ацэнка грамадствам такога інстытута, як Усебеларускі народны сход, узровень даверу якому ва ўсіх узроставых групах адзін з самых высокіх – 62,2 %.

Найбольшай падтрымкай сярод насельніцтва карыстаюцца такія ініцыятывы Прэзідэнта, як захаванне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі (43,7 %), падтрымка шматдзетных сем’яў (38,7 %), жыллёвая палітыка (31,8 %), умацаванне абараназдольнасці краіны (27,6 %), далейшая інтэграцыя Беларусі з Расіяй у рамках Саюзнай дзяржавы (24,8 %), патрыятычнае выхаванне моладзі (23,6 %), унясенне паправак у Канстытуцыю (19,9 %), рэформа пенсійнай сістэмы (17,3 %), змяненне правіл паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы (9,7 %).

Што тычыцца змяненняў у Канстытуцыю, то іх падтрымліваюць больш за 58 % беларусаў. Пры гэтым звыш 63 % рэспандэнтаў плануюць прыняць удзел у запланаваным рэферэндуме, а амаль 68 % лічаць неабходным захаваць у краіне асноўныя сацыяльныя гарантыі. ■

Па матэрыялах БелТА