Браслаўскія аграрыі атрымалі падарункі ад прафсаюза

Новости
Штогод прафсаюз работнікаў АПК праводзіць акцыю «Наш жывёлавод». У рамках ініцыятывы прафсаюзныя лідары наведваюць фермы, дзе сустракаюцца з калектывамі, цікавяцца ўмовамі іх працы і абавязкова дораць падарункі.

На мінулым тыдні з такім візітам Браслаўшчыну наведалі тэхнічныя інспектары па ахове працы, намеснік старшыні Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Вырвіч. У той час як першыя вывучалі ўмовы працы жывёлаводаў раёна і аказвалі ім дапамогу ў навядзенні парадку ў дакументах і на працоўных месцах, Т. Вырвіч аглядала фермы і гутарыла з іх калектывамі.

Напрыклад, на ферме «Іказнь» у ААТ «Слабодкаагра» жывёлаводы атрымалі падарунак – мікрахвалевую печ, якую адразу ж усталявалі ў пакоі для адпачынку. Цяпер работнікі падчас перапынку могуць не толькі папіць гарачай гарбаты, а і разагрэць абед.

Прафсаюзны лідар пацікавілася таксама праблемамі работнікаў, адказала на іх пытанні, расказала пра неабходнасць прышчэпкі ад каранавіруснай інфекцыі. Таццяна Вырвіч яшчэ нагадала, што ў галіновым абласным прафсаюзе ёсць прававы інспектар, які дапаможа кожнаму разабрацца з пытаннямі афармлення дакументацыі, пенсіі, налічэння заработнай платы і г. д.

Падарункі ад прафсаюза – свяцільнікі для пакояў адпачынку – атрымалі ў гэты дзень жывёлаводы сельгаспрадпрыемстваў «Друйскі» і «Райаграсэрвіс». ■

Вольга ПАТАПОВІЧ