Пачытайце пра паходжанне назваў населеных пунктаў Ахрэмавецкага сельсавета

Новости
Імкліва ляціць час, праходзяць гады і нават стагоддзі, а найменні вёсак, трапна дадзеныя калісьці нашымі продкамі, застаюцца нязменнымі. Яны не толькі захоўваюць адзнакі мінулага, але і расказваюць нам пра яго. «Браслаўская звязда» высветліла, што можна даведацца з назваў вёсак ахрэмавецкай акругі.

Каля чатырох дзясяткаў населеных пунктаў налічваецца на тэрыторыі сельсавета, які размясціўся на паўднёвым усходзе Браслаўскага раёна. Гэта, безумоўна, аказала ўплыў на распаўсюджаныя тут тапонімы, бо яны зведалі меншы ўплыў балтыйскіх моў. Толькі ў дзвюх мясцовых вёсак найменні ўтвораны з дапамогай літоўскага суфікса -ішкі – Скварцішкі, Пяткунішкі, ды яшчэ некалькі «абавязаныя» сваім паходжаннем нашым суседзям: Гайлешы маюць у аснове літ. gailis – “багун” (балотная расліна з рэзкім пахам), назва в. Рукшы суадносіцца з rugstis, што азначае “злы, сярдзіты”, а в. Укольск, магчыма, з ukas (“туман, каламуць”). Відавочны ў дадзенай мясцовасці і польскі ўплыў, пра што красамоўна сведчыць частка -оўшчына (-аўшчына) – Марозаўшчына, Ахрэмаўшчына. Паланізм ляжыць і ў аснове тапоніма Гурка – памяншальнае ад “гара”, населены пункт Мазурына таксама названы па этнічнай групе палякаў – мазураў.

Шмат найменняў звязана з прозвішчамі і імёнамі людзей – Марцінаўцы, Альгярдова, Мацешы, Лабуцеўцы, Гаўрылова. Прадстаўлены ў іх таксама і заняткі мясцовых жыхароў: такія знаходзім у назвах вёсак Мелеўцы – ад “малоць”, Дзегцяры – “тыя, што здабываюць смалу”. Самавольцы ж яскрава характарызуюць рашучасць і свабодалюбства сваіх першапасяленцаў.

Вялікая група тапонімаў на тэрыторыі Ахрэмавецкага сельсавета ўказвае на асаблівасці геаграфічнага становішча населеных пунктаў – Азяраўцы, Аколіца, Палессе, Замошша, Забалоцце, Забор’е, прычым іх значэнне надзвычай лёгка распазнаецца: напрыклад, “за борам”, “за балотам” і г. д. Закор’е мае падобнае паходжанне: яно ўтварылася ад устарэлага цяпер слова “кор”, што азначала “раскарчаваны ўчастак”. А вось Даўяты атрымаліся ад балтыйскай асновы са значэннем “лагчына, яр”. Сустракаецца тут яшчэ адна назва-арыенцір – Перавалока: пэўна, вёска размясцілася на месцы, дзе раней цягнулі волакам чаўны з аднаго вадаёма ў другі.

Некаторыя найменні апісваюць адметнасці тутэйшых зямель, напрыклад, Каменка, Жвірблі, Рудава. Цікава прасачыць паходжанне тапоніма Зімірка: раней так называлі штосьці часовае, прызначанае толькі для зімы – гэта магла быць дарога або памяшканне.

Назва цэнтра сельсавета – аграгарадка Ахрэмаўцы – адносіцца да патранімічных: яна ўзнікла ад асабістага імя. У кнізе «Віцебшчына ў легендах і паданнях» ёсць аповед пра яе паходжанне. Кажуць, нібы яшчэ пры паншчыне была тут вялікая вёска, ды распаўзлася неяк па ёй страшэнная хвароба – халера. Людзі пачалі паміраць сем’ямі. Мясцовы жыхар Ахрэм, як даведаўся, што абываецца, забараніў сваім дзецям і жонцы нават з хаты выходзіць ды паіў іх горкім адварам ядлоўцу. Таму ніхто з іх не захварэў і засталіся з усёй вёскі толькі яны. Тое месца, дзе селянін жыў са сваёй сям’ёй, людзі пачалі называць Ахрэмаўцы. Так да нашага часу і засталося. ■

Жанна БЯЛЬКО