Старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін сустрэўся з калектывам «Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры»»

Новости
Старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін правёў сустрэчу з калектывам ДПУ «Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры»». Размова атрымалася актуальнай і разнапланавай.

Кіраўнік раёна перш-наперш завастрыў увагу прысутных на станоўчых момантах сацыяльна-эканамічнага развіцця Браслаўшчыны. Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на пэўныя праблемы, нам удалося захаваць тэмп звыклага жыцця. У якасці прыкладу А. Баданін прывёў фестывалі «Браслаўскія зарніцы» і Viva Braslav Open Air, якія сёлета адбыліся пасля мінулагодняга перапынку. Старшыня таксама расказаў пра зробленае ў плане добраўпарадкавання, дарожнага будаўніцтва і азелянення, асобна затрымаўся на паспяховым развіцці мясцовага бізнесу і асабліва фермерства. «Эфектыўны рэальны сектар дазваляе выконваць бюджэтныя абавязацельствы. Сёлета, напрыклад, мы накіравалі істотнае дадатковае фінансаванне на ўмацаванне матэрыяльнай базы сфер аховы здароўя і адукацыі раёна», – адзначыў кіраўнік райвыканкама і дадаў, што калектыў нацыянальнага парка таксама ўносіць сур’ёзны ўклад у развіццё рэгіёна і ўлады чакаюць ад буйной і моцнай арганізацыі працягу гэтай работы.

Галоўнай жа тэмай гутаркі стала сітуацыя вакол эпідэміі COVID-19. Аляксандр Баданін падкрэсліў, што ў раёне яна пад кантролем, і заклікаў прысутных адказна аднесціся да бягучай кампаніі па вакцынацыі ад каранавіруса.

Яго падтрымала намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Святлана Аляксеева. Паводле яе слоў, цяпер на Браслаўшчыне фіксуецца сезонны пад’ём рэспіраторных захворванняў, у тым ліку выкліканых COVID-19. Спецыяліст адзначыла, што спецыфічнага лячэння ад гэтай хваробы няма, толькі сімптаматычнае – і гэта сусветная практыка. На такім фоне найбольш эфектыўнай мерай барацьбы выглядае вакцынацыя, якая дазваляе выклікаць імунны адказ і пазбегнуць калі не захворвання, то яго цяжкага цячэння. «Усе вакцыны, што выкарыстоўваюцца ў Беларусі, бяспечныя і эфектыўныя», – рэзюмавала С. Аляксеева.

Дарэчы, менавіта тэма вакцынацыі і ацэнкі імунітэту пасля гэтай працэдуры выклікалі найбольш пытанняў у прысутных у зале. На іх медык дала кампетэнтныя адказы, а таксама паабяцала пазней патлумачыць тыя, якімі пакуль не валодае. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ