На палетках Браслаўшчыны працягваюцца восеньскія работы

Новости
Сельскагаспадарчы год блізіцца да завяршэння, але аграрыям пакуль не даводзіцца расслабляцца. Надвор’е яшчэ дазваляе, а гэта значыць, што работы на палетках Браслаўшчыны працягваюцца.

Сяўба азімых збожжавых культур у раёне завершана. Разам гаспадаркі выканалі план на 85,8 %, засеяўшы 8 663 га. Некаторыя сельгаспрадпрыемствы яшчэ працягваюць сяўбу азімых на зялёны корм. На раніцу 15 кастрычніка ў раёне такіх плошчаў налічвалася 681 га. Поўнасцю з планам па сяўбе справіўся толькі «Бярозавы край».

Цяпер важнейшай задачай для аграрыяў з’яўляецца ўборка кукурузы, асабліва на сілас. Бо першыя ж замаразкі негатыўна адаб’юцца на стане зялёнай масы. Пакуль царыцу палёў у раёне ўбралі з 1 449 га, што складае ўсяго 70,8 % ад плана. Кукурузу на збожжа ў гэтым годзе малоцяць толькі ў СВК «Маяк Браслаўскі».

Стала актуальным таксама і пытанне ўзняцця зябліва. Пакуль гэты працэс толькі пачынаецца. За ўзгаданую работу ўзяліся ў «Бярозавым краі», «Урбанах» і на землях ААТ «Відзаўскі». Разам гаспадаркі ўзнялі зябліва на плошчы 306 га.

Наталля Іванова, намеснік начальніка аддзела арганізацыі сельгасвытворчасці ўпраўлення райсельгасхарча, патлумачыла, што, дзякуючы восеньскаму ўзворванню, у глебе натуральным шляхам адбываецца вялікая колькасць працэсаў. На паверхню разам з камамі глебы ўзнімаюцца лічынкі шкоднікаў, і разам з гэтым парушаюцца хады грызуноў, знішчаюцца ўсходы пустазелля і іх карнявая сістэма. Уздым зябліва таксама дае вялікую арганізацыйна-эканамічную перавагу, значна дапамагае на вясенне-палявых работах і забяспечвае больш якасную перадпасяўную апрацоўку глебы, сяўбу сельгаскультур у агратэхнічныя тэрміны. Акрамя гэтага, узворванне адыгрывае вялікую ролю ў барацьбе з хваробамі раслін.

Таму пакуль няма часу расслабляцца – трэба абавязкова зрабіць усё магчымае для добрай асновы будучага ўраджаю – 2022. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ