Памятаеце «Сад Перамогі», закладзены ў Опсе? Сёлета ён даў першы ўраджай

Новости
Яблыня здаўна лічылася сімвалам жыцця. Яе ж кветка з чырвоназялёнай стужкай стала сімвалам свята 9 Мая, а таксама новых мірных перамог суверэннай Беларусі.

Цяпер яблыневыя пялёсткі ўвасабляюць сабой непарыўную сувязь пакаленняў і шчырую падзяку воінам-героям, якія падарылі сваім дзецям і ўнукам Вялікую Перамогу, магчымасць спакойна жыць, працаваць і гэтак жа, як у памятным маі 1945 года, шчыра радавацца расквітнелым садам.

Амаль 2 гады таму назад Опсаўская яслі-сад – сярэдняя школа прыняла ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Сады Перамогі»: тады і былі пасаджаны недалёка ад будынка ўстановы адукацыі пладовыя дрэўцы. І сёлета маладыя яблынькі ўжо парадавалі гаспадароў ураджаем. Першыя плады ўрачыста сабралі ўдзельнікі акцыі – старшыня СВК «Маяк Браслаўскі» Рамуальд Шукель, старшыня Опсаўскага сельвыканкама Ала Даніліна, дырэктар школы Святлана Курбан і навучэнцы.

Чырванабокія яблыкі не проста садавіна, што вырасла на дрэвах. Гэта плён агульнай працы, карыснай справы на карысць нашай малой радзімы, сімвал працягу жыцця, якое абаранілі для нас героі Вялікай Айчыннай вайны. Вырашчаныя яблыкі – яшчэ адзін доказ таго, што толькі разам, у адзінстве мы можам атрымаць добры вынік і дамагчыся поспеху ў любой справе. ■

Таццяна СЦЕФАНОВІЧ, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Опсаўскай ЯССШ