На Браслаўшчыне працягваецца сяўба азімых культур

Деньги
Працяглыя дажджы на мінулым тыдні перашкодзілі аграрыям весці работы на палетках. Аднак з першых жа пагодлівых дзён браслаўскія хлебаробы ўзнавілі сяўбу азімых культур.

Як паведамілі ў аддзеле райсельгасхарча, цяпер уся тэхніка і механізатары гаспадарак раёна накіраваны на работы, што не церпяць адкладу, – узворванне глебы і сяўбу. Праблем з палівам няма, людзі і тэхніка працуюць на працягу светлавога дня прыкладна з 7 раніцы да 7 гадзін вечара. Замаруджваецца працэс толькі з-за пераўвільготненай глебы. Месцамі трактары не могуць заехаць на палі, таму з агульнай плошчы выбіраюцца вышэйшыя ці большменш падсохлыя ўчасткі.

На раніцу 1 кастрычніка з улікам работ, выкананых Глыбоцкім ККЗ і Верхнядзвінскім МСЗ, да сяўбы ў нас падрыхтавана 58,7 % глебы. За дзень у сярэднім гэтыя работы праводзяцца на плошчы каля 150 га. Усяго ж восенню ў раёне запланавана засеяць 13 тысяч га. Пакуль зерне ў глебу лягло на плошчы 5580 га, што складае 43 % ад задання.

Дарэчы, першымі планавае ўзворванне завяршылі ў райаграсэрвісе. Тут трэба засеяць толькі 400 гектараў. Як расказаў дырэктар ААТ Аляксандр Міхайлаў, на сяўбе азімых у гаспадарцы задзейнічаны ўсяго тры адзінкі тэхнікі і столькі ж механізатараў. Апрацоўвае глебу на МТЗ-1221 з культыватарам Анатоль Шчарбіцкі. Безумоўна, складана выконваць гэтую работу аднаму, але ж ён чалавек вопытны і добра спраўляецца з пастаўленымі задачамі. На 82-цы з загрузчыкам зерня працуе Андрэй Камісараў. На МТЗ-3022 з пасяўным агрэгатам АПП-6 шчыруе Іван Чарноў. На раніцу 1 кастрычніка яны разам засеялі 182 гектары. Кожны дзень сеялка з 7 раніцы ўжо на палетках і працягвае працаваць дацямна. У сярэднім штодзень яна засявае каля 30 га. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ