Праект змянення Канстытуцыі прадстаўлены Прэзідэнту

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пашыраным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі. Нагадаем, ёй было даручана распрацаваць прапановы па змяненні Канстытуцыі Беларусі і забяспечыць іх усенароднае абмеркаванне.

Прэзідэнту ўнеслі праект з прапановамі па змяненні шэрага палажэнняў дзеючай Канстытуцыі. Усяго па выніках праведзенай работы прапануецца змяніць 53 яе артыкулы, увесці 14 новых і 3 артыкулы выключыць.

Прэзідэнт адзначыў сістэмны характар прапанаваных змяненняў, якія закранаюць практычна ўсе раздзелы Канстытуцыі. Папраўкі, паводле яго слоў, накіраваны на тое, каб зрабіць Асноўны закон краіны больш сучасным.

Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў замацаванне ў Канстытуцыі каштоўнасных арыенціраў грамадства, у тым ліку захаванне гістарычнай праўды і памяці пра подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, пераемнасць сацыяльнай палітыкі і павышэнне ўзроўню сацыяльнай абароненасці грамадзян, гарманізацыю палітычнай сістэмы і пераразмеркаванне паўнамоцтваў.

Разам з тым беларускі лідар абазначыў у праекце новай Канстытуцыі шэраг спрэчных момантаў. «Я не знайшоў пераходных палажэнняў, якія даюць адказы на пытанні, як будуць дзейнічаць органы ўлады пасля прыняцця Канстытуцыі (калі гэта з Канстытуцыі не вынікае, нам трэба будзе дапрацаваць у гэтай частцы, пераходныя палажэнні павінны быць, каб не ўтварыўся нейкі вакуум), як будзе фарміравацца Усебеларускі народны сход, як будзе працаваць Упаўнаважаны па правах чалавека? Вядома, можна адаслаць усё да законаў і падзаконных актаў. Гэта таксама нармальная тэхналогія. Але пажадана, каб фундаментальнае было замацавана ў Канстытуцыі. У праекце не прадугледжаны дэкрэты. У такім выпадку што будзе з ужо выдадзенымі? Яны прыняты да Канстытуцыі. Няма адказу, якім будзе механізм правядзення выбараў у адзіны дзень галасавання пры датэрміновым роспуску палат парламента», – адзначыў беларускі лідар.

А. Лукашэнка таксама заявіў, што Канстытуцыю робяць для беларускага народа, а рэферэндум па новай рэдакцыі Галоўнага закона краіны адбудзецца не пазней за люты 2022 года. ■

Паводле матэрыялаў БелТА