Мікалай Шарснёў на «Дажынках»: «Поспех не бывае выпадковым»

ДАЖЫНКІ – 2021
Сталіцай абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі» сёлета стала Шуміліна. На ўрачыстасці з нагоды заканчэння жніва сабраліся аграрыі з усёй вобласці, у тым ліку і браслаўчане.

Традыцыйна святочную атмасферу падтрымлівалі шматлікія тэматычныя пляцоўкі, падвор’і рэгіёнаў, выставы, паказальныя выступленні і майстар-класы. Удзельнікі мерапрыемства з задавальненнем знаёміліся з новай сельскагаспадарчай тэхнікай, дасягненнямі прадпрыемстваў і арганізацый вобласці, частаваліся прысмакамі, якіх, як заўсёды, было багата. Само Шуміліна тым часам сустракала гасцей істотна абноўленым: гарадскі пасёлак набыў свежы выгляд, прырос інфраструктурай і ў цэлым стаў больш камфортным. Тут адрамантавалі і мадэрнізавалі больш за 100 аб’ектаў.

Цэнтральнае месца ва ўрачыстасцях заняло падвядзенне вынікаў аграрнага сезона ў цэлым і ўборачнай кампаніі ў прыватнасці. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў адразу завастрыў увагу прысутных на праблемах: анамаліі надвор’я цяперашняга года не дазволілі работнікам хлебнай нівы сабраць рэкордны ўраджай. Сёлета каравай Віцебшчыны на 25 % меншы за леташні: з палёў сабралі толькі 780 тысяч тон збожжа. Разам з тым па гэтым паказчыку наша вобласць заняла чацвёртае месца ў краіне.

Пры гэтым кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што надышоў час, калі спадзявацца толькі на надвор’е нельга. «Нам трэба перабудаваць работу раслінаводчай галіны, каб адысці ад залежнасці ад непрадказальных умоў надвор’я, і пры гэтым выключыць напластаванне сельскагаспадарчых работ, уласцівае толькі паўночнаму рэгіёну Беларусі. І ў нас ёсць прыклады, калі асобныя раёны і прадпрыемствы, нягледзячы на капрызы прыроды, працуюць менавіта так», – адзначыў старшыня аблвыканкама.

У ліку лепшых прагучалі гаспадаркі з Аршанскага, Віцебскага, Талачынскага і іншых раёнаў. Па словах старшыні аблвыканкама, у асобных выпадках ураджайнасць збожжавых там перавысіла 75 ц/га. Тысячны намалот зерня пераадолелі звыш 260 экіпажаў камбайнаў, а рэкорд належыць дуэту бацькі і сына Уладзіслава і Валянціна Лапцінскіх з КУСП «Межава-агра» Аршанскага раёна: яны намалацілі звыш 4 тысяч тон збожжа.

«Поспех перадавых гаспадарак не выпадковы, – лічыць М. Шарснёў. – Яны ідуць да яго гадамі. Прафесіяналізм кадраў, найвышэйшая арганізацыя працы, высокапрадукцыйная тэхніка, – вось што сёння і заўтра павінна ляжаць у аснове эфектыўнага гаспадарання ў аграрнай сферы рэгіёна».

На гэтым фоне вобласці неабходна максімальна павялічыць пасяўныя плошчы пад азімыя, больш увагі надаваць  крыжакветным культурам. Стратэгія развіцця сферы АПК рэгіёна таксама прадугледжвае максімальную загрузку энерганасычанай тэхнікі, выкарыстанне яе на асноўных відах работ у абавязковым парадку ў двухзменным рэжыме. «Якасная апрацоўка глебы за адзін праход глебаапрацоўчага агрэгата павінна стаць нормай, як і падбор сельскагаспадарчых культур, жорсткае захаванне севазвароту і выкананне іншых патрабаванняў. Толькі ў гэтым выпадку мы зможам хутка і якасна правесці ўсе сельскагаспадарчыя работы», – звярнуў увагу старшыня аблвыканкама, кажучы пра стратэгію развіцця галіны. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ