Браслаўчанка: школьны вопыт прыйшоўся дарэчы ў бібліятэцы

Люди
У сучасных бібліятэчных установах, якія сталі сапраўднымі культурна-асветніцкімі цэнтрамі, цяпер патрэбны асаблівыя супрацоўнікі – універсальныя спецыялісты з рознымі навыкамі і ўменнямі, творчыя, актыўныя, адказныя. Такой характарыстыцы цалкам адпавядае Валянціна Кірчанка, якая загадвае гарадской дзіцячай бібліятэкай.

Педагагічны талент, адшліфаваны за 38 гадоў (Валянціна Яўгенаўна пасля заканчэння Мінскага педінстытута імя А. М. Горкага выкладала ў школе рускую мову і літаратуру), любоў да дзяцей, уменне падтрымліваць зносіны з імі і радавацца кожнаму наведвальніку – усё гэта дапамагае В. Кірчанка далучаць юных чытачоў да бязмежнай кніжнай прасторы.

У бібліятэчную справу яна прыйшла каля двух гадоў таму назад, бо не ўмее сядзець склаўшы рукі: нават выйшаўшы на заслужаны адпачынак, працягвала працаваць у школе. А ў 2019 годзе сям’я пераехала, і В. Кірчанка, каб не сумна было дома без звыклай за столькі гадоў працы, вырашыла паспрабаваць сябе ў іншым накірунку. Тым больш што новая пасада мае шмат агульнага з настаўніцкай. «Дзеці і кнігі – як жа я без іх? – усміхаецца Валянціна Яўгенаўна і дадае: – Школьны вопыт прыйшоўся дарэчы: у бібліятэцы без ведання літаратуры ніяк, ды і пры правядзенні мерапрыемстваў веданне методыкі ды педагогікі зусім не лішняе».

Праца ў бібліятэцы дала нямала ёй самой у плане пашырэння кругагляду: падчас падрыхтоўкі да тэматычных сустрэч з навучэнцамі даводзіцца пераглядаць многа літаратуры, трапляецца цікавая інфармацыя, на якую, магчыма, у звычайных абставінах і не знайшлося б часу. Валянціна Кірчанка адкрыла для сябе шэраг захапляльных гістарычных фактаў, а таксама, нягледзячы на багаты філалагічны вопыт, і некаторых пісьменнікаў, напрыклад, Даўлатава, творы якога раней былі забаронены. Цяпер бібліятэкар знаёміцца з беларускай літаратурай: калі класіку ведала добра, то новыя сучасныя аўтары выклікаюць цікавасць.

Валянціна Яўгенаўна праводзіць са школьнікамі шмат мерапрыемстваў, вялікую ўвагу надаючы патрыятычнай накіраванасці. Падабаецца ёй рыхтавацца і да памятных дат, напрыклад, юбілею пісьменніка, пры гэтым не проста яго біяграфію расказаць, а знайсці якіясьці незвычайныя факты, аформіць выстаўку.

Загадчыку дзіцячай бібліятэкі даводзіцца працаваць і на абанеменце: яна выдае кнігі юным чытачам, падтрымлівае зносіны з дзецьмі, уважліва слухае іх непасрэдныя меркаванні. Асабліва цікава мець справу са старшакласнікамі.

«У асноўным дзеці бяруць творы са школьнай праграмы, – кажа Валянціна Кірчанка. – Аднак ёсць і сапраўдныя аматары кніг, якія захапляюцца фантастыкай, цікавяцца выданнямі пра школу, любяць чытаць пра прыгоды. Дзеці праяўляюць інтарэс да пазнавальнай літаратуры, рознага кшталту энцыклапедый, асабліва пра жывёл. Старэйшыя нярэдка пытаюць кнігі па псіхалогіі, а таксама творы англійскіх і амерыканскіх аўтараў. Безумоўна, хацелася б, каб моладзь чытала больш. Асабліва з улікам таго, колькі выдатных кніг сёння захоўваецца ў бібліятэчным фондзе». ■

Жанна БЯЛЬКО