Здымкі кіно і абнаўленне вёскі. Пра што пісала «Браслаўская звязда» 50 гадоў таму назад (верасень 1971-га)

Общество
З РАДАСНЫМ НАСТРОЕМ

З самай раніцы 1 верасня стала ажыўлена на двары Друйскай сярэдняй школы. З усіх канцоў гарадскога пасёлка збіраліся сюды вучні, каб паспець на першы ўрок новага навучальнага года. Прыбылі і дзеці з другога берага Заходняй Дзвіны – гэта жыхары суседніх вёсак братняй Латвіі, якія будуць працягваць вучобу ў дзесяцігодцы на беларускай зямлі. У Друі за школьныя парты селі 452 навучэнцы, у тым ліку 44 першакласнікі.

ПАСЛЯ КРЫТЫКІ Ў ГАЗЕЦЕ

У адказ на заметку «З хуткасцю чарапахі» кіраўніцтва раённага вузла сувязі паведамляе, што ўсе тэлеграмы дастаўляюцца, як правіла, у кантрольныя тэрміны. Выпадак жа, пра які пісала газета, меў месца. Паштальён у той час знаходзілася ў калгасе на нарыхтоўцы сена, а назаўтра быў выхадны дзень. Па сваёй нявопытнасці тэлеграфістка, якая працуе на гэтай пасадзе два месяцы, не прыняла мер па своечасовай дастаўцы тэлеграмы, за што пакарана ў адміністрацыйным парадку.

ГЭТА Ў ВАШЫХ ІНТАРЭСАХ

Добраахвотнае страхаванне жывёлы ў нашым раёне яшчэ не атрымала шырокага распаўсюджання. Многія грамадзяне не разумеюць усёй выгаднасці гэтай справы. А яна відавочная: напрыклад, па абавязковым акладным страхаванні карова ацэньваецца ў 240 рублёў, а пры добраахвотным сума павялічваецца да 420 руб. Важна таксама своечасова аднаўляць дагаворы, каб не прапусціць ільготны тэрмін.

ЗДЫМАЕЦЦА КІНАФІЛЬМ

У адзін з вераснёўскіх дзён маляўнічую пляцоўку ля гары Мілосці, што непадалёку ад в. Слабодка, запоўнілі жыхары Даўгаўпілса, адпачываючыя з турысцкай базы «Браслаўскія азёры», мясцовыя жыхары. Яны прымаюць удзел у масавых сцэнах пры здымках кінафільма «Зімародак», сцэнарый якога напісаў Юрый Якаўлеў. У галоўных ролях занятыя добра вядомыя артысты Уладзімір Самойлаў, Іна Фёдарава, Глеб Стрыжэнаў і інш.

НЯЎЖО СТАРШЫНЯ ВЫТРЫМАЕ ТЭРМІН?

Два гады таму назад у калгасе «Шлях Леніна» вырашылі зрабіць добрую справу – устанавіць скульптурны помнік загінулым воінам і партызанам. Для яго набыцця былі выдзелены сродкі. А неўзабаве на калгасны двор прывезлі і манумент, пра які, аднак, чамусьці забыліся. З 1969 года ляжыць ён на тым жа месцы. Старшыня калгаса неаднаразова абяцаў устанавіць помнік, але дзейнічае па прынцыпе: абяцанага тры гады чакаюць. Пакуль жа мінула толькі два. Няўжо вытрымае тэрмін?

АБНОЎЛЕНАЯ ВЁСКА

Як і для многіх вёсак Заходняй Беларусі, хаціны без падлогі, з чорнымі ад капцілкі ці лучыны шыбамі і столлю былі звычайнай з’явай для Кемянцаў, дзе толькі ў адным доме быў радыёпрыёмнік ды ў 3 – 4 сем’ях – веласіпеды. Сяляне ледзьве звадзілі канцы з канцамі, не хапала хлеба. Але вось прыйшоў верасень 1939-га, які прынёс вызваленне. Дзякуючы клопатам партыі і ўрада стала прыгажэць жыццё вяскоўцаў. Цяпер будынкі пад шыфернымі дахамі, усюды гараць лямпачкі Ільіча, у 10 дамах – тэлевізары, 4 гаспадары набылі матацыклы і 1 нават мае аўтамабіль.

МОЖАЦЕ ЎЗЯЦЬ НАПРАКАТ

Сфера абслугоўвання насельніцтва Браслаўскім РКБА пашыраецца. Напрыклад, цяпер у горадзе дзейнічае пункт пракату прадметаў культурна-бытавога прызначэння, гаспадарчага ўжытку і спартыўна-турыстычнага інвентару. Пра гэты выгадны і недарагі від паслуг, арганізаваны ў 1969 годзе, ведаюць яшчэ не ўсе грамадзяне. Між іншым, за карыстанне халадзільнікам «Мінск» коштам 265 руб. на працягу 4 – 5 месяцаў у цёплы перыяд трэба заплаціць 35 – 40 руб.

ДРУЖНА, ПА-СУСЕДСКУ

Даўняя дружба звязвае працаўнікоў беларускага калгаса «Гвардыя» і літоўскага «Людагірыс». Хоць палі гаспадарак раздзяляе Дзісна, калгаснікі дзеляцца вопытам і рэзервамі. Па 5 камбайнаў адпраўляла «Гвардыя», калі ў суседзяў не хапала сіл своечасова ўбраць ураджай. Калгас «Людагірыс» прадаў гвардзейцам неабходныя цыстэрны, 3 т травяной мукі для парасят, а беларусы падзяліліся самаходнымі аўтамабільнымі вагамі. Так па-суседску жывуць і працуюць земляробы. ■

Жанна БЯЛЬКО