Трагедыя і чалавек-наватар. Вывучаем апошнія літары з гістарычнай азбукі Друі

Общество
Гэтай публікацыяй на старонках нашай газеты заканчваецца праект, прысвечаны юбілею аграгарадка Друя.
Х – ХАЛАКОСТ

Пасля акупацыі ў 1941 годзе немцы арганізавалі ў мястэчку гета. Першы год яўрэйскае насельніцтва пакінулі жыць у сваіх дамах, але абавязалі насіць на вопратцы спецыяльныя нашыўкі. Праз некаторы час людзей перагналі ў гета на правы бераг ракі Друйкі каля сінагогі. У пачатку лета 1942 года ў Друю прыехалі грузавыя машыны з карнікамі, і 11 – 12 чэрвеня тут былі забіты 1 318 чалавек, выратаваліся толькі адзінкі… Падчас расстрэлаў вязні аказалі супраціўленне і падпалілі гета ў розных месцах. На месцы расстрэлу ў 2001 годзе паставілі помнік на грошы, сабраныя выхадцамі з гэтага мястэчка.

Ц – ЦАРКВА

Дабравешчанская царква з’яўляецца помнікам архітэктуры стылю барока і адначасова рэтраспектыўна-рускага стылю. Па адной з версій, яна была перабудавана з касцёла XVIII стагоддзя, па іншай – узведзена пры праваслаўным манастыры і існавала ў Друі аж з XVI ст. У XVIII ст. царква была адзіным праваслаўным храмам на тэрыторыі ўсёй Браслаўшчыны. У свой час яе высока ацаніў рускі цар Пётр І. Цяпер храм паступова аднаўляецца вернікамі.

Ч – ЧЫГУНКА

Менавіта 105 гадоў таму назад пачалася гісторыя браслаўскай чыгункі. Вузкакалейку працягласцю 60 км з Друі ў Дукштас праз Браслаў, Опсу, Пеліканы правялі за два летнія месяцы ў 1916 годзе. У пачатку 1920-х яна была дадаткова злучана з лініяй Дукштас – Чэпуканы і стала 94-кіламетровай магістраллю. У 20 – 30-я гады гэтая дарога мела вялікае эканамічнае значэнне: не толькі забяспечвала стабільныя пасажырскія зносіны Браслаўшчыны з іншымі рэгіёнамі, але і спрыяла грузавым перавозкам. У час Вялікай Айчыннай вайны вузкакалейку вырашылі выкарыстаць у сваіх мэтах акупанты, але з-за таго, што ахоўваць яе было нялёгка, ад гэтай ідэі яны адмовіліся. Пасля заканчэння вайны грузавы і пасажырскі рух аднавілі, аднак ранейшай запатрабаванасці не было, таму ў 1960-х вузкакалейку разабралі. Чыгуначная ж станцыя ў Друі дзейнічае і сёння. Яна прымае пасажырскія і грузавыя саставы.

Я – ЯКАЎ ШОСТАК

Заслужаны работнік прафтэхадукацыі, не адзін дзясятак гадоў аддаў Друйскаму СПТВ. Ён напісаў 8 падручнікаў, па якіх і цяпер займаюцца ў адпаведных установах, а вучэбны дапаможнік «Экскаватары» перакладзены на 4 мовы. Пад яго кіраўніцтвам быў створаны музей пры вучылішчы. Па чарцяжах педагога зроблены трэнажоры для вучобы, якія выстаўляліся ў Чэхіі, Польшчы, Венгрыі, на Кубе. За педагагічную працу Я. Шостак узнагароджаны медалём Крупскай (такі мелі ўсяго толькі 10 чалавек у СССР), залатым, сярэбраным і бронзавым медалямі ВДНГ СССР. ■

Алена НАБЕЕВА

Фото с сайта planetabelarus.by