Архітэктура, адукацыя і славутыя асобы. Працягваем вывучваць гістарычную азбуку Друі

Общество
У чарговым артыкуле, прысвечаным юбілею аграгарадка Друя, вывучаем гістарычныя старонкі населенага пункта на літары С, Т і Ш.
САПЕЖЫН

У 1618 годзе Ян Сапега падпісаў прывілей на заснаванне побач з Друяй новага горада пад назвай Сапежын, разлічваючы ператварыць яго ў значны рамесны, гандлёвы і абарончы пункт. Сапежын нават атрымаў Магдэбургскае права. Мясцовае кіраванне ажыццяўляў магістрат на чале з войтам. У Сапежыне было 108 дамоў, тут размяшчаўся кірмаш, ратуша і большасць культавых збудаванняў.

СІНАГОГА

У XVIII ст. была пабудавана друйская сінагога – адзін з найбольш цікавых мясцовых помнікаў барока. Яна ўваходзіла ў пералік самых вялікіх у ВКЛ. Храм быў белакаменны і велічны, а яго інтэр’ер славіўся сваёй прыгожай разьбяной алтарнай шафай для захавання світкаў Торы, на якой былі выявы розных раслін, рэальных ці фантастычных жывёл. Шкада, што сінагога і ўнутранае ўбранства засталося толькі на здымках, зробленных у 1928 годзе: падчас Вялікай Айчыннай вайны храм быў падпалены і знішчаны агнём.

СПТВ-172

Вучылішча ў Друі пакінула значны след у гісторыі пасёлка. Згодна з архіўнымі данымі, існавала яно з 1955 па 1998 год. Друйскае вучылішча рыхтавала ў першую чаргу спецыялістаў меліярацыі – экскаватаршчыкаў, трактарыстаў, яно нават мела статус навучальнай установы рэспубліканскага значэння. У апошнія дзесяцігоддзі ў СПТВ можна было атрымаць і іншыя спецыяльнасці. У мясцовай школе дагэтуль захаваліся мадэлі і макеты меліяратыўнай тэхнікі, якія выкарыстоўваліся падчас навучання.

ТАЎЕЎ ІСРАЭЛЬ ХАІМ

Выхадзец з Друі, пісьменнік, журналіст, перакладчык. Нарадзіўся ў 1858 г., памёр у 1920-м. Запал да літаратуры абудзіўся ў Таўева вельмі рана: 11-гадовым хлопчыкам ён ужо друкаваўся ў часопісах. Яго фельетоны вылучаліся своеасаблівай вытанчанасцю стылю ды непадробным гумарам. Аўтар шэрагу кніг па вывучэнні яўрэйскай мовы, шматлікіх артыкулаў па фальклоры, некалькіх п’ес і перакладаў.

ШНЕЕР АЛЯКСАНДР

Тэатразнаўца і гісторык цырка. А. Шнеер (псеўданім С. Аронов) нарадзіўся ў 1892 годзе ў Друі, ён скончыў філалагічны факультэт Бернскага ўніверсітэта. Друкаваўся з 1918 года. Атрымала вядомасць яго фраза «Мы – не рабы, рабы – не мы», якая захавалася на старонках савецкай азбукі. Быў ініцыятарам выдання Тэатральнай Энцыклапедыі (т. 1-4, 1964–1967 гг. ). У пяці выдадзеных тамах ТЭ апублікавана больш за шэсцьсот тэрмінаў і артыкулаў Шнеера. У гэтай энцыклапедыі ўпершыню з’явіўся раздзел, якога не было ў папярэдніх, – «Сцэнічная гісторыя п’есы». Яго прыдумаў А. Шнеер. Займаўся калекцыянаваннем усяго, што тычылася цырка, тэатра і эстрады. Сваю калекцыю перадаў у маскоўскія і ленінградскія музеі. Памёр у Маскве 9 студзеня 1994 года.

ШКЛЯР ЯЎГЕН

Паэт, перакладчык, журналіст, крытык. Нарадзіўся 20 мая 1893 года ў сям’і інжынера-вынаходніка. У 1915–1916 гадах вучыўся на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўніверсітэта, эвакуяванага падчас Першай сусветнай вайны ў Растоў-на-Доне. Ён у 1916 годзе скончыў Чугуеўскае ваеннае вучылішча і быў накіраваны на Каўказскі фронт. Узнагароджаны Георгіеўскім крыжом.

З лістапада 1921 г. жыў і працаваў у Каўнасе. Быў супрацоўнікам газеты «Рэха», карэспандэнтам рыжскага выдання «Сёння». У 1924–1925 гг. працаваў у рыжскай газеце «Народная думка», штотыднёвым часопісе «Наш агеньчык», супрацоўнічаў з выданнямі Эстоніі і Францыі. У 1926– 1927 гадах жыў у Парыжы. З 1928 года зноў перабраўся ў Каўнас, па справах выязджаючы ў Рыгу і Талін. Выдавец і рэдактар газет «Наша рэха» (1929–1931), «Літоўскі кур’ер» (1932–1933), «Літоўскі веснік» (1935–1939), «Усходняя Еўропа» і іншых перыядычных выданняў, рэдактаваў часопіс «Балтыйскі альманах» (1923– 1924; 1928–1937). ■

Алена НАБЕЕВА