У Браславе прайшлі ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёр

Новости
Сёлетнія ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёр прайшлі ў Браславе 20 – 21 жніўня. Праграма двухдзённага фэсту была разнастайнай і ўключала не толькі малітвы і набажэнствы, а і вечар арганнай музыкі, працэсію па начных гарадскіх вулачках і шмат іншых духоўных падзей.

Традыцыйныя святочныя мерапрыемствы распачаліся ў пятніцу: увечары ў касцёле падчас ружанцовай малітвы вернікі шчыра віталі Маці Божую Браслаўскую. Дарэчы, былі між іх і пілігрымы. Хоць праз эпідэміялагічную сітуацыю цяпер не арганізуюцца вялікія вандроўкі, аднак прадстаўнікі пастаўскіх і глыбоцкіх каталікоў – адны пешшу, іншыя на веласіпедах – дабраліся да нашага горада, каб ушанаваць Валадарку азёр.

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліў імшу, падчас якой больш за 70 вернікаў з Віцебшчыны, пераважна моладзь, прынялі сакрамэнт канфірмацыі, сцвердзіўшы тым самым імкненне да сапраўднага хрысціянскага жыцця.

Бліжэй да апоўначы з браслаўскага санктуарыя рушыла ў дарогу працэсія са свечкамі, на чале якой неслі копію цудадзейнага абраза Маці Божай Валадаркі азёр. У мінулым годзе праз абмежаванні гэтае мерапрыемства не праводзілі, і таму ўдзельнікі сёлетняга фэсту яго аднаўленне ўспрынялі як знак таго, што Багародзіца ніколі не пакіне вернікаў на зямных шляхах і абароніць іх. Па заканчэнні шэсця адбылася імша, якая аб’яднала ў малітве пяцярых біскупаў і больш як дзесяць святароў.

Кульмінацыяй урачыстасцей стала набажэнства, што адбылося ў суботу на палявым алтары каля касцёла. Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч шчыра прывітаў усіх прысутных, сярод якіх былі іерархі, святары, прадстаўнікі мясцовай улады, вернікі з браслаўскіх парафій і тыя, хто накіраваўся сюды з розных куткоў Беларусі. Пастыр падзякаваў Маці Божай за апеку, у тым ліку за падарунак у выглядзе добрага надвор’я пасля моцнага дажджу, а таксама акрэсліў мэту духоўнага фэсту: «Мы сабраліся, каб спяваць Ёй гімн праслаўлення тут, у гэтым месцы, пры Яе цудоўным абразе, даручаючы Ёй, нашай Нябеснай Маці, нашае жыццё, наш лёс, лёс нашай краіны, жыццё кожнага з нас паасобку і ўсяго грамадства разам».

Потым да вернікаў звярнуўся апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. Адзначыўшы важнасць Божага слова ў жыцці, ён узначаліў імшу.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй эмацыянальнай прамове выказаў пажаданне, каб рэха малітваў з Браслава, лунаючы над прасторамі, разносілася па ўсёй беларускай зямлі. Таксама ганаровы іерарх звярнуў увагу прысутных на тое, што нават эпідэміялагічная сітуацыя не змагла зменшыць папулярнасці ўрачыстасцей у гонар Багародзіцы. «Гэта знак даверу нашага народа Божай Маці, якая няспынна клапоціцца пра нас. Гэта таксама знак надзеі на тое, што, беручы прыклад з Марыі і просячы Яе заступніцтва, мы зможам перамагчы ўсе складанасці нашага асабістага і грамадскага жыцця і будаваць сваю будучыню на падмурку вечна актуальных і жывых прынцыпаў Евангелля. Смела можна казаць, што Марыйная пабожнасць – гэта наш нацыянальны духоўны «брэнд», які дарагога каштуе», – сказаў арцыбіскуп. Не абмінуў Тадэвуш Кандрусевіч і праблем сучаснага грамадства, сярод якіх вылучыў адыход людзей ад веры і страту імі пачуцця сваёй грахоўнасці. Выйсце іерарх бачыць у жыцці згодна з Божай воляй.

На заканчэнне набажэнства біскуп Алег Буткевіч перад абразом Маці Божай Браслаўскай прысвяціў яе апецы і абароне Віцебскую дыяцэзію і ўсю краіну, сардэчна падзякаваў усім, хто паспрыяў падрыхтоўцы і правядзенню сёлетніх урачыстасцей, і запрасіў прысутных на святочныя мерапрыемствы ў наступным годзе. ■

Жанна БЯЛЬКО