Як правільна называецца вёска? Шукалі адказ на цікавае пытанне

Общество
На працягу стагоддзяў у самай цеснай сувязі з паўсядзённым жыццём і традыцыямі роднасных і няроднасных нам плямён і народаў, якія ў розныя часы насялялі наш край, фарміраваліся беларускія геаграфічныя назвы – тапонімы.

Адлюстроўваючы нацыянальны каларыт, тапонімы з’яўляюцца важнай часткай гісторыка-культурнай спадчыны і гэтак жа вартыя беражлівых адносін, як і іншыя людскія тварэнні. А скажоныя назвы не толькі ўступаюць у супярэчнасць з іх адраснай функцыяй, але і губляюць сваё нацыянальнае аблічча.

Вучоныя, якія займаюцца вывучэннем беларускіх айконімаў (назваў населеных пунктаў), адзначаюць іх празмерную абцяжаранасць варыянтнасцю на пісьмовым і вуснамоўным узроўнях. Бачаць прычыну гэтай з’явы ў далёкім мінулым, калі назвы беларускіх паселішчаў запісваліся ў дзяржаўныя дакументы, наносіліся на карты пад уплывам польскай, затым рускай моў. Але з адгалоскамі розніцы ва вуснамоўным ужыванні беларускіх айконімаў і ў афіцыйным іх напісанні мы судакранаемся па сённяшні дзень. Напрыклад, мноства гасцей нашага горада едуць на адпачынак не ў БрАслаў, а ў БраслАў, ловяць рыбу не на брАслаўскіх, а на браслАўскіх азёрах.

Вуснамоўныя варыянты назваў населеных пунктаў нярэдка трапляюць і на афіцыйныя надпісы. Да прыкладу, перад уездам у аграгарадок Опса інфармацыйнаўказальны дарожны знак паказвае накірунак на вёску «Кемянцы», сам жа населены пункт на ўездзе і выездзе абазначаны знакамі «Кімянцы». Дык якое ж сапраўднае імя мае вёска?

Адказ на гэтае пытанне дае нарматыўны даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь. Віцебская вобласць». Падрыхтаваны калектывам аўтараў пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук, прафесара В. Лемцюговай даведнік узгоднены з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў і зацверджаны Дзяржаўным камітэтам па маёмасці ў якасці нарматыўнага выдання, прызначанага для выкарыстання рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, юрыдычнымі і фізічнымі асобамі Беларусі.

Выдадзены ў 2009 г. нарматыўны даведнік уключае ўсе наяўныя на 1 студзеня 2008 г. назвы населеных пунктаў вобласці ў межах адміністрацыйна-тэрытарыяльных падраздзяленняў (раён, сельсавет). Назвы падаюцца беларускай кірыліцай, лацінкай і рускай графікай. У беларускамоўнай частцы ва ўсіх назвах паказаны націск, граматычны род, множны лік, прыводзяцца парадыгмы скланення, варыянты рэестравых назваў.

На старонцы 117 даведніка знаходзім і назву вёскі Опсаўскага сельсавета на беларускай, транслітарацыі на лацінку і рускай мовах: КемЯнцы, мн., -цаў, -цамі, -цах; Kiemiancy; Кемянцы.

Экзэмпляры нарматыўнага даведніка айконімаў Віцебскай вобласці ёсць у цэнтральнай і Відзаўскай гарпасялковай бібліятэках, у райсавеце і сельвыканкамах, землеўпарадкавальнай службе райвыканкама, але ўпэўніцца ў правільнасці вымаўлення ці графіцы населенага пункта раёна магчыма на старонках кнігі «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь. Віцебская вобласць» і ў электронным варыянце. ■

Казімір ПЯТУШКА