Аляксандр Баданін праверыў гатоўнасць СШ № 1 да новага навучальнага года

Общество

На працягу сямі месяцаў працягваўся сёлета рамонт у першай гарадской школе. Спачатку ў рамках праекта «Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь», фінансуемага Сусветным банкам, праходзіла рэканструкцыя вучэбнай майстэрні, асобных школьных памяшканняў, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Затым за кошт бюджэтных сродкаў брыгада будаўнікоў ПМК-42 адрамантавала харчовы блок: ужо ў пачатку жніўня ў цалкам абноўленых памяшканнях кухні повары гатавалі стравы для наведвальнікаў летняга лагера.

Пасля працяглага рамонту СШ № 1 наведаў старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін, які 12 жніўня азнаёміўся з гатоўнасцю ўстановы адукацыі да новага навучальнага года. Цяпер тут цалкам завершаны будаўнічыя работы, у выніку якіх школьнікі атрымалі добрыя ўмовы, каб атрымліваць веды, навыкі працоўнага навучання, гарачыя абеды, ладзіць мерапрыемствы ў прыгожай зале.

Абыходзячы ўнутраныя памяшканні, прышкольную тэрыторыю, дзе праходзілі работы, кіраўнік раёна звярнуў увагу на дробныя будаўнічыя агрэхі, заўважыў, што яшчэ ёсць час ліквідаваць іх. Таксама, размаўляючы з кіраўніцтвам аддзела па адукацыі і школы, пацікавіўся, што яшчэ для ўдасканалення якасці і камфорту адукацыйнага працэсу неабходна і магчыма зрабіць за сродкі мясцовага бюджэту ў наступным годзе. Потым даў даручэнне прадугледзець падчас фарміравання бюджэту на 2022 год фінансаванне ўбрання сцэнічнай прасторы, сучаснага музычнага абсталявання і работ па фарбаванні фасада школы. ■

Казімір ПЯТУШКА